Ролсан Янка (сапр. Гадзіцкі; 01.08.1912, в. Вялень, цяпер Пухавіцкі раён - 23.01.1994, Адэлаіда, Паўднёвая Аўстралія), грамадзка-культурны дзеяч. У пачатку 30-х г. працаваў сьледчым пракуратуры ў Мар'інай Горцы. У 1937 г. скончыў тэхнікум цяжкай прамысловасьці ў Харкаве. Служыў у Чырвонай Арміі, у 1939-1941 г. працаваў у Менску на заводзе імя Варашылава. Пад час нямецкай акупацыі - сьледчы суду ў Пухавіцкім раёне. Зь лютага 1944 г. - афіцэр Беларускай Краёвай Абароны. Зь лета 1944 г. - на выгнаньні. Унікаючы прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР, зьмяніў прозьвішча на Гадзіцкас і, запісаўшыся летувісам, выехаў у 1950 г. у Аўстралію, пасяліўся ў Адэлаідзе. У 1963 г. зьмяніў прозьвішча на Ролсан. Браў удзел у працы беларускай грамады ў Паўднёвай Аўстраліі, быў адным з арганізатараў і першым старшынём Беларускага Аб'яднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі, створаным у 1977 г. У 2001 г. намаганьнямі сакратара Беларускага гістарычнага таварыства ў Аўстраліі Віктара Кавалеўскага быў выдадзены збор твораў Я.Ролсана (успаміны і вершы) «З глыбіняў мінулага».

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць