Савёнак Лявон (псэўд. Свэн, Крывічанін; 26.06.1897, в. Вялец, цяпер Глыбоцкі раён - 21.02.1974, штат Нью Джэрзі), грамадзкі дзеяч, пісьменьнік, журналіст. У 20-х г. працаваў у «Савецкай Беларусі», адкуль быў звольнены за беларускі нацыяналізм. У 1933 г. арыштаваны па справе няіснага «Беларускага нацыянальнага цэнтру» і асуджаны на 6 год высылкі. У 1939 г. вярнуўся ў Беларусь. Пад час нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай Газэце», быў рэдактарам аддзелу эканомікі. У «Беларускай Газэце» друкаваўся ягоны «Дзёньнік Ів. Ів. Чужанінава». Зь лета 1944 г. - на эміграцыі. Да 1950 г. жыў у Заходняй Нямеччыне, настаўнічаў, быў дырэктарам Беларускай гімназіі ў Остэргофэне. Спрычыніўся да аднаўленьня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Рады БНР, адкуль выйшаў з-за канфлікту з прэзыдэнтам Міколам Абрамчыкам. Рэдактар «Бацькаўшчыны» (1947-1950). Ад 1950 г. жыў у ЗША, рэдагаваў «Беларуса». У 1956 г. увайшоў у склад Камітэту Незалежнай Беларусі, займаўся грамадзкай і літаратурнай працай.

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць