Берклі Джордж (Berkeley; 1685-1753), ангельскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім універсітэце. З 1724 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб'ектыўнай рэчаіснасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб'ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму і асноўнага паняцця матэрыялізму - матэрыі як прадметнай асновы (субстанцыі) цел і іх якасцей, а таксама вучэння Дж.Лока і І.Ньютана аб матэрыі і прасторы. Зыходзячы з канцэпцыі суб'ектыўнага ідэалізму, Берклі сцвярджаў, што нават калі б усе суб'екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога - таго суб'екта, які не можа знікнуць, а таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямлі з усім, што існуе на ёй. Асноўныя яго працы: «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1-2, 1732) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць