Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Бруна Джардана Філіпа (Bruno; 1548-1600), італьянскі філосаф-матэрыяліст і паэт, змагар за свабоду думкі. Паходзіў са збяднелых дваран мяст. Нола каля Неапаля. Вучыўся ва ўніверсітэце Неапаля (1562), у манастырскай школе (1566-1575). Атрымаў сан святара і ступень доктара філасофіі. За адыход ад рэлігійна-схаластычнага вучэння прыцягнуты да інквізіцыйнага следства, што змусіла яго ў 1578 шукаць ратунку ў Швейцарыі. Але барацьба з царкоўнікамі-дагматыкамі і тут прывяла яго да турэмнага зняволення. У 1581 ён перабраўся ў Парыж, затым у Лондан (1583-1585) і, урэшце, у Германію. І дзе б ён ні знаходзіўся, яго ўсюды праследавалі за навуковыя і атэістычныя погляды. Вярнуўшыся на радзіму, ён уладкаваўся хатнім настаўнікам у венецыянскага патрыцыя Мачаніга. Невук-арыстакрат вымагаў ад вучонага раскрыцця сакрэтаў магіі, «таемных навук» і, калі Бруна вырашыў пакінуць яго дом, выдаў яго інквізіцыі, абвінаваціўшы ў ерасі. У 1592 Бруна арыштавалі і ён 8 гадоў правёў у зняволенні. Інквізітары патрабавалі ад яго адрачыся ад сваіх ідэй і пакаяцца. Не зламаўшы філосафа, суд прыгаварыў яго да спалення на кастры, што і было здзейснена 17 лютага 1600 у Рыме. Вядомы адказ вучонага пасля вынясення прысуду: «Вы, хто абвяшчае гэты прысуд, больш напалоханы, чым я, выслухоўваючы яго!» Нягледзячы на вандроўнае жыццё, Бруна напісаў шэраг кніг: трактат «Аб зданях ідэй», дыялогі «Пра прычыну, пачатак і адзінае», «Пра бясконцасць, сусвет і светы», «Выгнанне пераможнага звера», «Пра гераічны энтузіязм», камедыю «Падсвечнік» і інш. Мэтай філасофіі ён лічыў пазнанне матэрыяльнай прыроды: «Прырода - не што іншае, як сіла, увасобленая ў рэчах, і закон, па якім усе рэчы ажыццяўляюць свой уласны ход». Нічога містычнага, звышнатуральнага ў ёй няма, яна не мае патрэбы ў боскім стваральніку, «яна сама ёсць матэрыя», якая «ўсё стварае з уласнага лона», бо прырода сама з'яўляецца ўнутраным майстрам, яна рухавік, які дзейнічае знутры». З гэтага вынікалі яго матэрыялістычныя, антырэлігійныя погляды на свет. Вартасць чалавека філосаф бачыў у свабодзе думкі, у пошуках і абароне ісціны: «Ганебна - даваць вызначэнне нявывучаным рэчам; подла - думаць чужым розумам; прадажна, рабалепна і амаральна - пакарацца; недарэчна - верыць па звычцы». Толькі зразумеўшы сваю сувязь з вечнай і бясконцай прыродай, чалавек становіцца на шлях спасціжэння ісціны: «Гэта філасофія ўзвышае маю душу і ўзвялічвае розум». Гераічнае самаахвяраванне ў імя розуму зрабіла Бруна сімвалам самаадданага служэння навуцы.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020