Вярнадскі Ўладзімір Іванавіч (Вернадский; 1863-1945), расейскі вучоны, даследчык прыроды, выдатны мысліцель, заснавальнік навук пра Зямлю (геахіміі, генетычнай мінералогіі, біягеахіміі, радыягеалогіі), стваральнік вучэння аб біясферы і наасферы. Выпускнік Пецярбургскага ўніверсітэта (1885), прафесар мінералогіі Маскоўскага ўніверсітэта (1898-1911; у знак пратэсту супраць царскіх рэпрэсій падаў у адстаўку), першы прэзідэнт АН УССР (1919), арганізатар многіх навуковых устаноў, у т.л. Радыевага інстытута (1922), сябра замежных акадэмій. Распрацаваў фундаментальныя праблемы сучаснага прыродазнаўства, аказаў вялікі ўплыў на фармаванне экалагічнай свядомасці. У сваіх поглядах на прыроду ішоў ад адзінства Космасу, які эвалюцыянуе ў кірунку да жыцця і павелічэння сілы розуму ў Сусвеце. Вылучаў тры навуковыя карціны свету: абстрактна-механічную (электроны, атамы, фізічныя законы), прыродна-гістарычную, або біясферную (прырода, аплодненая жыццём), і гуманітарную (чалавек разумны і грамадства). «Гэтыя розныя па форме, незалежныя, але якія пранізваюць адна адну карціны свету суіснуюць у навуковай думцы побач, ніколі не могуць быць аб'яднаны ў адно цэлае, у адзін абстрактны свет фізікі або механікі». Падкрэсліваючы значэнне біясфернага светапогляду, Вярнадскі яшчэ ў 1915 папярэджваў пра небяспеку самазнішчэння, пагражаючую чалавецтву ў сусветнай тэрмаядзернай вайне. Аднак на развіццё цывілізацыі вучоны глядзеў з аптымізмам, лічыў, што «ў геалагічнай гісторыі біясферы перад чалавекам адчыняецца велізарная будучыня, калі ён зразумее гэта і не будзе выкарыстоўваць сваю працу і свой розум на самазнішчэнне». Ён марыў, каб навуковая думка аб'яднанага чалавецтва ператварылася ў «геалагічную сілу», якая зменіць прыроду і з дапамогай якой біясфера пяройдзе ў новы стан - наасферу (сферу розуму) і паступова пашырыцца на ўвесь Космас. Больш поўна ідэі Вярнадскага раскрыліся ў наш час, калі чалавецтва, пачаўшы падпарадкоўваць касмічную прастору, стала ўсведамляць залежнасць свайго зямнога дому ад розуму.

Паведаміць пра недакладнасьць