Галілей Галілео (Galilei; 1564-1642), італьянскі вучоны-прыродазнавец, астраном, мысліцель, адзін са стваральнікаў новага прыродазнаўства. У юнацтве выхоўваўся ў манастыры, потым вывучаў медыцыну ў Пізанскім універсітэце, дзе захапіўся матэматыкай і механікай. Узначаліў кафедру матэматыкі ў Пізе (1589), потым у Падуі (1592). Навуковыя даследаванні ў галіне механікі, астранамічныя назіранні зрабілі яго прыхільнікам вучэння М.Каперніка. У 1609 Галілей пабудаваў тэлескоп (3-разовае павелічэнне), потым - другі (12-разовае павелічэнне) і з іх дапамогай адкрыў горы на Месяцы, плямы на Сонцы, спадарожнікі Юпітэра і г.д. Творы «Зоркавы веснік» (1610-1611) і «Разважанні пра целы, што знаходзяцца ў вадзе, і пра тыя, што ў ёй рухаюцца» (1612) з'явіліся новай старонкай у гісторыі прыродазнаўства і фактычна абгрунтавалі геліяцэнтрычную сістэму свету. Данос у інквізіцыю паклаў пачатак шматгадоваму ганенню вучонага царкоўнікамі. Яго галоўная праца «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету» (1632), якая раскрывала прыродазнаўчанавуковую карціну свету і разбурала традыцыйныя рэлігійныя погляды, выклікала вядомы працэс 1633, на якім Галілей быў вымушаны адмовіцца ад вучэння Каперніка. Яго кніга была забаронена, а сам ён 9 гадоў афіцыйна лічыўся «вязнем інквізіцыі». Цяжкія ўмовы і слепата, што наступіла ў 1637, не перашкодзілі яму працягваць навуковыя даследаванні, якія з'явіліся асновай класічнай механікі. Паводле філасофскіх поглядаў, Галілей -матэрыяліст: ён лічыў, што свет матэрыяльны, складаецца з атамаў і падпарадкоўваецца механічнай прычыннасці, не мае межаў у прасторы і часе; аснова ісцінных ведаў - вопыт, набыты ў вывучэнні прыроды. Галілей - адзін з заснавальнікаў навуковай касмалогіі- сучаснага эксперыментальна-тэарэтычнага прыродазнаўства.

Паведаміць пра недакладнасьць