Гарэцкі Максім (1893-1938), беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Скончыўшы Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913), працаваў на Віленшчыне. Першае апавяданне «У лазні» апублікаваў у газеце «Наша ніва» (1913). Першы зборнік апавяданняў «Рунь» выдаў у 1914. У 1914-1917 на фронце. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета...», у газеце «Звезда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 пераехаў у Менск, потым у Вільню. Займаўся выдавецкай, навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю, рэдагаваў газеты «Наша думка», «Беларускія ведамасці». У 1919 выдаў у Вільні аповесць «Дзве душы», у якой праз вобразы нацыянальнай інтэлігенцыі адлюстраваў рэвалюцыйныя падзеі 1917 і пачатку грамадзянскай вайны, узняў праблемы лёсу Бацькаўшчыны. Адным з першых у беларускай літаратуры ён звярнуўся да гістарычнага мінулага сваёй Айчыны. Яго дзейнасць як пісьменніка, літаратуразнаўца і публіцыста была накіравана супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску беларускага народа на тэрыторыі, акупаванай Польшчай, за што ў 1922 пісьменнік быў зняволены ў віленскую турму «Лукішкі». З кастрычніка 1923 ён у Менску. Выкладаў на рабфаку БДУ, Камуністычным універсітэце БССР, у ветэрынарным тэхнікуме; потым працаваў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Інстытуце беларускай культуры, у АН Беларусі. Абвінавачаны ў прыналежнасці да т. зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 18.07.1930 ён арыштаваны і высланы на 5 гадоў у Вятку. З 1935 настаўнічае на Смаленшчыне. 04.11.1937 зноў арыштаваны і сасланы на Поўнач, у Комі. 05.01.1938 асуджаны да расстрэлу. Асноўная тэма творчасці Гарэцкага - лёс беларускага народа, пошукі шляхоў вызвалення ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Ён - аўтар аповесцей «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (1928), «На імперыялістычнай вайне» (1928), «Камароўская хроніка» (незакончаны), рамана-хронікі «Віленскія камунары» (апублікаваны ў 1963), даследавання «Гісторыя беларускае літаратуры», «Хрэстаматыя беларускае літаратуры: XI век - 1905», вялікай колькасці апавяданняў (зборнікі «Рунь», «Досвіткі»). Вялікі ўклад М.Гарэцкага ў развіццё беларускай культуры, у фармаванне сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў, духоўнае адраджэнне чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць