Дарвін Чарлз Роберт (Darvin; 1809-1882), ангельскі вучоны-прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнага вучэння пра паходжанне відаў жывёл і раслін. Вучыўся на медыцынскім факультэце Эдынбургскага і багаслоўскім факультэце Кембрыджскага ўніверсітэтаў. У 1831-1836 у якасці натураліста зрабіў кругасветнае падарожжа на ваенным караблі «Бігль». Сабраныя матэрыялы паслужылі асновай для яго навуковых прац «Дзённік пошукаў» (1833), «Будова і размеркаванне каралавых рыфаў» (1842), «Геалагічныя назіранні над вулканічнымі астравамі» (1844), «Геалагічныя назіранні над Паўднёвай Амерыкай» (1846). Гэтыя працы прынеслі яму славу заснавальніка сучаснай геалогіі. У выніку назіранняў зрабіў вывад, што сучасныя формы жыцця з'яўляюцца вынікам працяглага гістарычнага развіцця арганізмаў ад адной або некалькіх прасцейшых формаў. Асноўны змест свайго эвалюцыйнага вучэння ён выклаў у фундаментальных працах «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору, ці Захаванне спрыяльных парод у барацьбе за жыццё» (1859), «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (1868), «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871). Прааналізаваўшы праблемы штучнага адбору, з'яў зменлівасці і спадчыннасці, паходжання чалавека ад жывёльных продкаў, абгрунтаваў тэорыю палавога адбору як адну з формаў натуральнага адбору. Яго вучэнне стала выдатным адкрыццём 19 ст. Тэорыя Дарвіна, захоўваючы сваё агульнаметадалагічнае і светапогляднае значэнне, сёння развіваецца і мадыфікуецца пад уплывам фактычнага і тэарэтычнага матэрыялу генетыкі (малекулярнай і папуляцыйнай), біякібернетыкі і іншых дысцыплін.

Паведаміць пра недакладнасьць