Дэкарт Рэнэ (Descartes; 1596-1650), французскі філосаф, матэматык, вучоны-прыродазнавец. З ранніх гадоў займаўся дакладнымі навукамі. Большую частку жыцця правёў у Галандыі (1629-1649), дзе стварыў свае асноўныя працы: «Разважанні пра метад...» (1637), «Роздум пра першую філасофію...» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644). У іх ён распрацаваў прынцыпова новую, вольную ад схаластыкі, сістэму навуковых ведаў, у аснову якой паклаў дуалістычную філасофію. Супрацьпастаўленне свядомасці і матэрыі дазволіла стварыць навуковую механістычную карціну свету, зыходзячы толькі з матэрыі і руху, і сцвярджаць, што ўсё ў свеце адбываецца па натуральных законах, што «Бог не стварае ў гэтым свеце ніякіх цудаў». Ён - заснавальнік класічнага рацыяналізму, абвясціў чалавечы розум адзінай крыніцай ісціных ведаў. Яму належаць і важныя адкрыцці ў механіцы, оптыцы, фізіялогіі, распрацоўка канцэпцыі натуральнага ўтварэння Сонечнай сістэмы. Але адрыў свядомасці ад матэрыі не дазволіў яму адысці ад ідэалістычнага разумення духоўнага свету чалавека (ён прызнаваў існаванне прыроджаных ідэй, існаванне Бога і г.д.). Таму філосафы-матэрыялісты 17-18 ст. не прынялі яго ў сваю кагорту.

Паведаміць пра недакладнасьць