Зізаній Лаўрэнцій (Тустаноўскі; ?-1634), беларускі педагог-гуманіст, царкоўны дзеяч, мовазнавец, перакладчык. Брат С.Зізанія. Паходзіў з дробнамаянтковай беларускай шляхты. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай (да 1592), Берасцейскай (1592-1595), Віленскай (1595-1597) брацкіх школах; у 1597-1618 хатні настаўнік у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага, князёў А.Астрожскага і Я.Карэцкага. У 1596 выдаў у Вільні першы ў Беларусі і на Ўкраіне буквар «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», які ўключаў «Лексіс...» - беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараславянскай мовы, набліжаў яе да жывой мовы народа. Яго «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова...» (Вільня, 1596) напісана ў форме пытанняў і адказаў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Граматыка і буквар мелі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсходніх славян, адкрывалі шлях да свецкай адукацыі. З 1619 ён - настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэчаскай мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву напісаны па заданні патрыярха Філарэта «Катэхізіс» (выдадзены ў 1627, перавыдадзены ў Горадні 1783, 1787, 1788), дзе на беларускай мове выкладаў звесткі па прыродзе і даў блізкае да пратэстантызму тлумачэнне царкоўных догматаў. Яго погляды былі абвешчаны ерэтычнымі.

Паведаміць пра недакладнасьць