Ламаносаў Міхаіл Васілевіч (Ломоносов; 1711-1765), расейскі вучоны-энцыклапедыст, мысліцель, паэт. У 1731 паступіў у маскоўскую Славяна-грэка-лацінскую акадэмію, адукацыю працягваў у Акадэмічным універсітэце Пецярбурга, у Германіі (1736-1741). У 1745 стаў першым расейскім прафесарам (акадэмікам) хіміі. З 1753 актыўна займаўся даследаваннямі (фізіка, хімія, оптыка, астраномія, геалогія, мінералогія, геаграфія і інш.), стварыў «Старажытную Расейскую гісторыю» (1766), фундаментальныя філалагічныя працы (у т.л. першую «Расейскую граматыку», 1755), грамадска-палітычныя творы, некалькі од і трагедый. Яго намаганнямі арганізаваны першы ў Расеі ўніверсітэт эўрапейскага тыпу, які быў даступны ўсім слаям насельніцтва, - Маскоўскі ўніверсітэт (носіць яго імя). У галіне філасофіі Ламаносаў стаў адным з першых прадстаўнікоў расейскага матэрыялізму. Усе з'явы прыроды, на яго думку, могуць быць растлумачаны прыроднымі механічнымі ўзаемадзеяннямі элементарных часцінак матэрыі. У аснове яго светапогляду - ўяўленні пра атамна-малекулярную будову рэчыва. Пачаўшы з вучэння пра «неадчувальныя» часцінкі матэрыі, механічныя ўласцівасці і рух якіх вызначаюць якасную разнастайнасць свету, Ламаносаў вырашыў напісаць усёабдымную «карпускулярную філасофію», якая аднаўляла б навуковую карціну прыроды на аснове атамна-малекулярных уяўленняў. Задумка Ламаносава засталася няздзейсненая, але ён лічыцца выдатным прадстаўніком атамістыкі ў філасофіі і прыродазнаўстве 18-19 ст. Вялікае значэнне мела таксама ідэя вучонага пра заканамерную эвалюцыю прыроды, паступовыя змены бясконцага Сусвету.

Паведаміць пра недакладнасьць