Леанарда да Вінчы (Leonardo da Vinci; 1452-1519), італьянскі мастак, архітэктар, мысліцель-гуманіст, інжынер-вынаходнік. Як мастак стаў вядомы ў 1470-я г. (карціны «Благавешчанне», «Мадонна Бенуа» і інш.), стварыў гарманічны вобраз чалавека, поўны жыцця, духоўнай прыгажосці і фізічнай дасканаласці. Найвышэйшае дасягненне партрэтнага мастацтва - «Джаконда» (каля 1503). Акрамя жывапісу з захапленнем працаваў у галіне скульптуры, распрацоўваў архітэктурныя праекты, ствараў планы «ідэальнага горада», займаўся тэхнічным канструяваннем. У час службы ў правіцеля Мілана арганізоўваў незвычайныя прыдворныя святы, авалодаў прафесіямі ваеннага інжынера і гідратэхніка. Вынікі сваіх навуковых даследаванняў змясціў у запісных кніжках (захавалася 7 тыс. старонак), якія пры жыцці не выдаваліся, але пазней паўплывалі на развіццё эўрапейскай культуры. Вакол яго склалася група вучняў і паслядоўнікаў (Ламбардская школа). Але ў 1500 ён вымушаны быў пакінуць Мілан, працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Рыме, Францыі. Асоба Леанарда да Вінчы - рэальнае ўвасабленне гуманістычнага ідэалу «ўсебакова развітай асобы», універсальнага генія. Ён імкнуўся на практыцы ўвасобіць спасцігнуты ім прынцып адзінства тэорыі і практыкі, мастацтва і навукі, прыгажосці і карысці. Як вялікі мастак ён па-філасофску глыбока разумеў дзейную, практычна-стваральную сутнасць чалавека, называў яго «найвялікшай прыладай прыроды». Як вучоны-прыродазнавец, інжынер-вынаходнік ён выказаў надзвычайныя здагадкі, стварыў тэхнічныя вынаходствы, якія на многія стагоддзі апярэдзілі свой час. У іх ліку праекты металургічных пячэй і пракатных станаў, аўтаматычныя прадзільныя і землярыйныя машыны, друкарскія станкі і рачныя шлюзы, канструкцыі лятальных апаратаў, падводнай лодкі, парашута, танка і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць