Ляйбніц Готфрыд Вільгельм (Leibniz; 1646-1716), нямецкі філосаф, вучоны, грамадскі дзеяч. Яго інтэлектуальныя здольнасці праявіліся рана. З 15 гадоў ён вывучаў права і філасофію ў Лейпцыгскім універсітэце, у 1666 абараніў доктарскую дысертацыю. Наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію. У 1700 стаў першым прэзідэнтам Берлінскай акадэміі навук, выступіў ініцыятарам стварэння аналагічных устаноў у Вене і Пецярбургу. Тэарэтычная і практычная яго дзейнасць вельмі шырокая. Ён адзін са стваральнікаў дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, даследчык у галіне фізікі і механікі, пачынальнік матэматычнай логікі, займаўся пытаннямі геалогіі, біялогіі, псіхалогіі, лінгвістыкі, гісторыі, юрыспрудэнцыі. Аўтар шэрагу тэхнічных вынаходстваў (гідраўлічны рухавік, лічыльная машына, пнеўматычныя прылады і інш.). Распрацаваў сістэматычнае вучэнне пра свет, якое абапіралася на навуковыя веды і рацыяналістычную метадалогію. Асноўныя яго творы: «Новая сістэма прыроды» (1695), «Новыя вопыты пра чалавечы розум» (1704), «Новы метад максімумаў і мінімумаў» (1684), «Тэадыцэя» (1710), «Манадалогія» (1714). Мяркуючы, што ў аснове быцця ляжыць актыўны, дзейны пачатак, Лейбніц пад сапраўднай рэальнасцю разумеў бясконцае мноства «жывых сіл», псіхічных першаэлементаў, якія назваў «манадамі». Фізічны свет, паводле Лейбніца, - недасканалае выяўленне свету духоўных «манад». У сваіх поглядах на пазнанне ён - рацыяналіст. «Толькі розум можа быць крыніцай ведаў»,- лічыў ён. Пры гэтым вялікую ролю Лейбніц надаваў метадалогіі - «мастацтву адкрыцця»: «Вывучаючы ўсякую навуку, трэба імкнуцца знайсці змешчаныя ў ёй прынцыпы адкрыцця, і гэтыя апошнія, звязаныя з некаторай вышэйшай навукай, ці, дакладней, усеагульнай навукай, інакш - мастацтвам адкрыцця, могуць аказацца дастатковыя для таго, каб вывесці з іх усе астатнія ці найбольш карысныя ісціны». Тройчы ён сустракаўся з царом Пятром I (1711, 1712, 1716), які запрашаў яго ў Расею. Лейбніц падрыхтаваў шэраг праектаў па арганізацыі дзяржаўнага кіравання і развіцця асветы ў Расеі. З сярэдзіны 18 ст. вучэнне яго было пашырана ў Беларусі. Прадстаўнікі эклектычнага кірунку ў філасофіі (С.Шадурскі, В.Дабшэвіч і інш.) выкарыстоўвалі аб'ектыўна-ідэалістычны рацыяналізм Лейбніца, каб пераадолець схаластыку, якая панавала ў тагачаснай філасофіі.

Паведаміць пра недакладнасьць