Сакрат (Sōkratēs; 470-399 да н.э.), старажытнагрэчаскі філосаф, мудрэц. У час вайны Афінаў са Спартай праявіў вялікую доблесць у бітвах. Вёў жыццё вулічнага філосафа. У час філасофскіх гутарак і спрэчак збіраў вакол сябе мноства людзей, некаторыя з іх сталі яго вучнямі. Вылучаўся цвёрдымі перакананнямі і прыхільнасцю да дэмакратыі, годнасцю і незалежнасцю. За вальнадумства быў асуджаны на смерць; адмовіўся пайсці супраць сваіх перакананняў ці выратавацца ўцёкамі з краіны і добраахвотна прыняў яд цыкуты. Афіняне хутка раскаяліся ў сваёй жорсткасці і ў яго гонар паставілі бронзавую статую. Пасля сябе Сакрат не пакінуў ніякай літаратурнай спадчыны. Пра яго погляды можна меркаваць толькі на аснове выказванняў яго вучняў Платона, Ксенафонта і інш. Яго мала цікавіла будова свету ці фізічная прырода рэчаў; у цэнтры яго ўвагі быў чалавек. Галоўнае прызначэнне ведаў, на яго думку, ствараць умовы для мудрага і шчаслівага жыцця, каб у «мастацтве жыць». Лічыў, што веды трэба вышукваць, імкнуцца да маральнага, інтэлектуальнага самаўдасканалення: «Пакуль я дыхаю і застаюся ў сілах, не перастану філасофстваваць». Галоўнымі метадамі набыцця сапраўдных ведаў лічыў дыялогі. Быў вельмі іранічным. Сябе ён называў не настаўнікам мудрасці, а толькі чалавекам, здольным заахвочваць іншых да разумення ісціны. Лад жыцця, незалежнасць і смеласць думкі зрабілі яго эталонам філасофскай мудрасці.

Паведаміць пра недакладнасьць