Спіноза Бенядзікт (Барух; Spinosa, d'Espinosa; 1632-1677), нідэрландскі філосаф-матэрыяліст, прадстаўнік рацыяналізму і атэізму. У 1670 ананімна апублікаваў «Багаслоўска-палітычны трактат», але аўтарства неўзабаве было раскрыта, кніга забаронена, а Спіноза аб'яўлены ворагам рэлігіі. Другі яго твор «Этыка» з'явіўся толькі пасля смерці і таксама быў забаронены ўладамі. Галоўнае палажэнне вучэння Спінозы пра свет заключаецца ў атаясамліванні Бога і прыроды, якія ўяўляюцца як адзіная, вечная, бясконцая субстанцыя, што ўключае ў сябе ўсё і з'яўляецца прычынай самой сябе. Усе рэчы, прадметы, з'явы, працэсы рэчаіснасці выступаюць у якасці адзінкавых праяў усеагульнага быцця, прыроды. У свеце прадметаў існуе строгая заканамернасць, выпадковасці няма ў прыродзе. Гэты вывад прывёў філосафа да фаталізму. Разумеючы прыродную рэальнасць як матэрыяльную сістэму, ён адзінай крыніцай дакладных ісцін абвясціў розум і сфармуляваў асноўны прынцып рацыяналізму: «Парадак і сувязь ідэй тыя ж, што парадак і сувязь рэчаў». Пачуццёвыя ўражанні, эмоцыі, страсці толькі перашкаджаюць правільнаму пазнанню, а значыць, і сапраўднаму праяўленню разумнай сутнасці чалавека. Маральным ідэалам і жыццёвай мэтай у Спінозы быў вобраз мудраца, які поўнасцю прысвяціў сябе разумовай працы. «Самае карыснае ў жыцці - удасканальваць сваё пазнанне ці розум, і ў гэтым адным заключаецца вышэйшае шчасце ці асалода чалавека». Свабода думкі - галоўнае права людзей, на якое не павінны замахвацца ні рэлігія, ні дзяржава. Вышэйшай формай улады ён лічыў не манархію, а рэспубліку і выступаў з патрабаваннямі грамадзянскіх свабод і правоў чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць