Цяпінскі Васіль (Амельяновіч; каля 1540-1603), беларускі гуманіст-асветнік, пісьменнік і кнігавыдавец. Нарадзіўся ў маёнтку Цяпіна Полацкага пав. Служыў у падканцлера Вялікага Княства Літоўскага А.Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць у Беларусі. Цяпінскі прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Ф.Скарыны. У 1570-я г. ён на свае сродкі ў сваім родавым маёнтку арганізаваў друкарню з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. Зараз вядома толькі адно яго выданне - Евангелле, якое выйшла каля 1570 і надрукавана на дзвюх мовах - царкоўнаславянскай і беларускай. У рукапіснай прадмове да Евангелля выдавец пісаў пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці грамадства і, звязваючы гэта з агульным заняпадам навукі і маралі, Цяпінскі заклікаў паноў і духавенства дапамагаць паспалітаму люду адкрываць школы і ўзнімаць навуку «занедбаную». Выданнем Евангелля ён ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Марыў пра школы, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання ў навучальных установах. Мяркуюць, што Цяпінскі надрукаваў у Нясвіжы 2 творы С.Буднага: «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам».

Паведаміць пра недакладнасьць