жаласлівы // жаласны / жаллівы // жалобны

Жаласлівы. Схільны да жаласці, спачування; жаласны (у 2 знач.).
Сінонімы: спагадлівы, чуллівы.
На іх тварах была напісана жаласлівая спагада. І.Навуменка.

Жаласны.
1. Які выклікае жаласць, спачуванне.
Сінонімы: журботны, сумны.
Ветру не было, а дрот бесперапынку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным. Я.Колас.
2. Схільны да жаласці, спачування; жаласлівы.
Сінонімы: спагадлівы, чуллівы.
Вочы старой пацяплелі, і ўсе рысы яе твару расплыліся ў жаласную ўсмешку. М.Лынькоў.

Жаллівы. Разм. Тое, што і жаласлівы; жаласны (у 2 знач.).
Пачынаў Алёша часцей за ўсё з песень, і песні любіў найбольш сумныя, жаллівыя. І.Мележ.

Жалобны.
1. Які мае адносіны да жалобы, смутку.
Сцяг схіліўся чырвоны з жалобнай каймой. А.Куляшоў.
2. Сумны, тужлівы, журботны.
Стаю я маўкліва і чую, як бура жалобную песню заводзіць. М.Чарот.

Паведаміць пра недакладнасьць