зубасты // зубаты // зубны // зубчасты
Зубасты.
1. З вялікімі, вострымі зубамі; з вялікай колькасцю зубоў.
Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, як затопленае палена, падпільноўваючы на мелкім месцы верхаводак, плотак і сяляў. В.Вольскі.
2. перан. Дзёрзкі і востры на язык; з'едліва-насмешлівы.
Ну і тая жанчына зубастая была. «Вы, - кажа, - не забывайцеся, што ў нашай вёсцы ёсць вельмі многа такіх культурных людзей, якім могуць пазайздросціць некаторыя гарадскія». У.Дубоўка.
Зубаты. З вялікімі зубамі; з зубамі наогул.
Акцызнік крычыць і крэкча, падымаючыся з-пад плота, усміхаецца нечага на ўвесь зубаты рот. І.Пташнікаў.
Зубны. Які мае адносіны да зубоў.
Зубны лекар быў у яго ўяўленні нейкім зубатым дзядзькам. З.Бядуля.
Зубчасты. З зубцамі, зуб'ём; з няроўнымі, ломанымі абрысамі.
Усё відаць, як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчасты край лесу, і бялявы дымок далёка-далёка, дзе праходзіць чыгунка. М.Лынькоў.