каланізаваны // каланізатарскі // каланізацыйны // каланісцкі / каланіялісцкі // каланіяльны

Каланізаваны.
1. Насільна ператвораны ў калонію.
На афрыканскіх землях, каланізаваных эўрапейцамі, карэннае насельніцтва або вынішчалася, або станавілася рабамі. Звязда.
2. Заселены каланістамі, перасяленцамі.
У пачатку XIX ст. ангельцы занялі Капскую зямлю (раён мыса Добрай Надзеі), каланізаваную выхадцамі з Нідэрландаў (бурамі). Геаграфія зарубежных краін.

Каланізатарскі. Які мае адносіны да каланізатара, характэрны для яго.
Каланізатарская палітыка асабліва выразна праяўлялася ў такіх дзікіх формах нацыянальнага прыгнечання, як звальненне са службы, замена мясцовых чыгуначнікаў прывезенымі з карэннай Польшчы і г.д. А.Ліс.

Каланізацыйны. Які мае адносіны да каланізацыі - насільнага ператварэння ў калонію або засялення каланістамі.
Беззваротна прайшоў той час, калі каланізацыйныя мэты імперыялістаў дасягаліся без асаблівых цяжкасцей. Звязда.

Каланісцкі. Які мае адносіны да каланіста - жыхара калоніі.
Каланісцкая гаспадарка. Каланісцкая сям'я.

Каланіялісцкі. Які мае адносіны да каланіяліста, каланізатара; каланізатарскі.
Гарэцкі ... даў аб'ектыўны вобраз беларускага этнасу ў межах Польшчы... Тым самым выбіваў аргументы з рук польскіх буржуазных палітыкаў, адэптаў каланіялісцкіх прэтэнзій. А.Ліс.

Каланіяльны. Які мае адносіны да калоніі.
Не культуру, а рабства і знішчэнне неслі эўрапейцы ў каланіяльныя краіны. Гісторыя сярэдніх вякоў.

Паведаміць пра недакладнасьць