конны // конскі

Конны.
1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх.
А я думаў, што на конным двары вы будзеце, можна сказаць, у зацішку ды ў цяпле. Я.Скрыган.
2. Які прыводзіцца ў рух коньмі.
Рухацца па лесе было вельмі цяжка. Не толькі аўтамашыны, але і фурманкі, гарматы коннай цягі даводзілася пераносіць на руках, бо на лясных дарогах гразь чаргавалася з пясчанымі заносамі. Маладосць.
3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў.
Лес шумеў, гуляла мяцеліца. Вакол - ні душы, наперадзе густы ельнік, за ім - паварот управа. І раптам адтуль выскачыў конны атрад. Імгненна прыйшло рашэнне - акапацца ў снезе і прыняць бой. ЛіМ.
4. Звязаны з яздой на конях.
Пачалі вывозіць лес: пасля доўгіх снежных заносаў нарэшце стала добрая конная дарога. Звязда.

Конскі.
1. Які мае адносіны да каня, належыць каню.
Грыбаед аціх побач з канём, ад якога патыхала потам і парай, а конскія бакі хадзілі хадуном. В.Быкаў.
2. Разм. Вялікі, моцны.
Вялізны, з конскімі сківіцамі мужчына носіць за плячамі вінтоўку, глядзіць спадылба, злосна. І.Навуменка.
У выразе: конская   сіла - адзінка вымярэння магутнасці.
Матор магутнасцю ў сто конскіх сіл.

Паведаміць пра недакладнасьць