паважаны // паважлівы // паважны

Паважаны. Які выклікае пачуццё павагі, да якога адчуваюць павагу.
Трэба гэтага паважанага гаспадара запрасіць на адкрыты сход. І.Шамякін.

Паважлівы. Які выражае павагу, пашану да каго-н.
Сінонімы: пачцівы, добразычлівы.
У свае таямніцы ён нікога не пасвячаў, быў з усімі аднолькава ветлівы, паважлівы. Б.Сачанка.

Паважны.
1. Важны, поўны ўласнай годнасці, самавітасці.
Гэта быў паважны, не маладога ўжо веку чалавек, заўсёды акуратна адзеты, ветлівы, з прыемнымі манерамі. М.Лынькоў.
2. Спакойны, няспешны, павольны.
Калі Мікіта дайшоў да гэтага месца, голас яго стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Я.Колас.
3. Старэчы (пра ўзрост).
Прага да славы, знакамітасці жыве ў чалавеку нават у такім [васьмідзесяцігадовым] паважным узросце. І.Навуменка.

Паведаміць пра недакладнасьць