расчапіць // расшчапіць

Расчапіць. што. Адчапіць адно ад другога, раз'яднаць счэпленае.
Замест таго каб расчапіць дрот каля калка, хлопец лёгка падняў веласіпед і пераставіў яго на другі бок загарадзі. У.Дамашэвіч.

Расшчапіць. што.
1. Раскалоць, раздзяліць на часткі.
У ежу яны ўжывалі чорную і горкую каменную соль, умелі расшчапіць запалку на чатыры часткі. М.Арочка.
2. Перастаць сціскаць; разняць, раз'яднаць; проціл. сашчапіць.
Аксеня адсунулася ад замка і апусціла рукі. А потым працягнула адну з іх у бок Гаўруся і расшчапіла кулак. Ключ упаў на зямлю. Я.Брыль.
Няправільна. «Прэзідэнт» расчапіў (трэба: расшчапіў) сціснутыя губы, пазіраючы праз акуляры ў залу, загаварыў глуха, важка і цвёрда. І.Мележ.
Параўн.: Ён прысеў на абпалены камень, сашчапіў на каленях рукі. Задумаўся. ЛіМ.
3. Спец. Фізічным уздзеяннем прымусіць распасціся (пра атам).
Савецкія вучоныя расшчапілі атам і паслалі спадарожнікі вакол Зямлі і Сонца. Звязда.

Паведаміць пра недакладнасьць