таемны // тайны // таямнічы

Таемны.
1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых.
Калі б толькі Альміна ведала, што сваімі словамі ў каторы раз дакранаецца ў маёй душы да таго таемнага і балючага, пра што нікому не гаварыў і не мог сказаць. В.Гігевіч.
2. Загадкавы, акружаны тайнай; не зусім усвядомлены, няясны.
Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі, пагрозліва шумелі верхавіны ялін, і абамшэлыя ствалы гудзелі працягла і сумна. М.Лынькоў.

Тайны.
1. Які з'яўляецца тайнай, скрываецца ад іншых, вядомы нямногім.
І вось на тайную сходку ў ціхі лясок на Няве - жывая людская паводка на плошчу няспынна плыве. М.Смагаровіч.
2. Звязаны з сакрэтнасцю; прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, для сакрэтнай службы.
На двары пан убачыў свайго цівуна, акружанага такімі ж тайнымі агентамі Лелякова. А.Якімовіч.

Таямнічы.
1. Поўны таямніцы, непазнанага, невядомага; загадкавы, незразумелы.
Кожны раз, калі Яўген Іванавіч браўся ажывіць новы прыбор, ён адчуваў, што наперадзе шмат чаго загадкавага, таямнічага. М.Гроднеў.
2. Які сведчыць пра наяўнасць таямніцы, сакрэтнасці.
Пры сустрэчы з калегам ... ён надаваў свайму твару таямнічы выгляд і ціхенька апраўдваўся. А.Пальчэўскі.

Паведаміць пра недакладнасьць