увесці // узвесці

Увесці. каго-што.
1. Прымусіць увайсці ўнутр чаго-н., прывесці куды-н.
[Леапольд] усё стаяў ля сына, як той пераадзяваўся, каб увесці яго ў хату самому. К.Чорны.
2. Уключыць у што-н., зрабіць дзейным ці ўжывальным.
Аўтар старанна сабраў і ўвёў у навуковы абыход многія зусім невядомыя факты. В.Івашын.
3. Устанавіць, укараніць; пакласці пачатак чаму-н.
Калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Т.Хадкевіч.
4. Пазнаёміць, дапамагчы асвоіцца з чым-н.
Работа ў газеце ўвяла мяне, калі так можна сказаць, у самую гушчу літаратурнага жыцця. У.Карпаў.

Узвесці. каго-што.
1. Ведучы, дапамагчы ці заставіць узысці, падняцца наверх чаго-н.; вывесці.
Палявая дарога ўзвяла на бальшак. Перад Надзяй ва ўсёй шырыні адкрылася Калінаўка. М.Ткачоў.
2. Прывесці зброю ў гатовае да выстралу становішча.
Не спыняючыся, Пеця ўзвёў аўтамат і націснуў на гашэтку. І.Сіняўскі.
3. Збудаваць, пабудаваць, паставіць.
А далей глядзі - дзяўчаткі тыя дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі. А ўжо іх рукі залатыя больш паловы Менска ўзвялі. П.Панчанка.
4. перан. Прыпісаць каму-н. што-н. заганнае, адмоўнае, дрэннае; несправядліва абвінаваціць.
Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Т.Хадкевіч.

Паведаміць пра недакладнасьць