Аляшкевіч Францішак (1889-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 04.10.1889 у в. Дзядолайці Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Язэп і Марыяна (з дому Каспяровічаў) Аляшкевічы. У кнізе метрык Сольскага касцёла прозвішча Аляшкевіч запісана як Аляхновіч. Паводле пашпарта і рэвізскіх казак - Аляшкевіч, У іншых дакументах - Ляшкевіч. У траўні 1907 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1909-1914 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. На правах сябра ўваходзіў у беларускі гурток студэнтаў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у тым жа годзе. Працаваў у парафіях Віленскай дыяцэзіі (м. Канстанцінаў Надвілейскага дэканата), пробашчам у мясцовасці Ўдзял Глыбоцкага дэканата (1917-1939). Удзельнічаў у працы 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія каталіцкія перыядычныя выданні («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). У ліку 15 святароў ад імя беларускага каталіцкага духавенства Заходняй Беларусі падпісаў мемарыял, прадстаўлены 19.05.1925 на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Памёр у 1943 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «А»; Directorium... Vilnensi; Elenchus... Vilnensis; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Krynica (Вільня). 1920. № 12; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979.

Паведаміць пра недакладнасьць