Вернікоўскі Фёдар (1861 - пасля 1935), грамадска-палітычны і свецкі праваслаўны дзеяч, адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі.

Нарадзіўся ў мястэчку Дудзічы Ігуменскага павета Менскай губ. Паходзіў з сям'і псаломшчыка Міхаіла Вернікоўскага. Вучыўся ў духоўнай навучальні і праваслаўнай семінарыі ў Менску. Пазней - у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Працаваў у Сялянскім пазямельным банку, Заходняй экспедыцыі па асушцы палескіх балот і арашэнні паўднёвых зямель, Міністэрстве земляробства і дзяржаўнай маёмасці Расейскай імперыі. У 1906 г. - кансультант-дарадчык камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў 1-й Дзяржаўнай думе. Пасля выхаду ў адстаўку жыў у Менску. На правах сябра быў абраны ў Менскую гарадскую думу. Далучыўся да беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Працаваў скарбнікам Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва (снежань 1917 - красавік 1918). Абраны ў харчовую і фінансавую камісіі на 2-й сесіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР; 01.05.1918). У першым урадзе БНР пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта займаў пасаду дзяржаўнага скарбніка. Быў прызначаны народным сакратаром гандлю і прамысловасці. Са снежня 1918 г. жыў у Вільні. Пазней пераехаў у Горадню, дзе на правах сябра ўваходзіў у Беларускі нацыянальны камітэт і ў Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Са жніўня 1919 г. - у Часовым Беларускім нацыянальным камітэце ў Менску. Выконваў абавязкі дарадчыка і адказнага за ўзаемакантакты з Царкоўнай радай Менскай праваслаўнай епархіі. З 1921 г. - у Вільні. Працаваў у заходнебеларускіх грамадска-культурных, рэлігійных і палітычных арганізацыях. У 1928-1929 гг. - рэдактар газеты «Грамадзянін». Адзін з актыўных удзельнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі, ініцыятар выдання і першы рэдактар беларускага праваслаўнага часопіса «Сьветач Беларусі». У 1930 г. у Вільні на канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацый абраны старшынёй Беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы.

Літ.: Архівы БНР; ЭГБ, II.

Паведаміць пра недакладнасьць