Гарошка Леў (1911-1977), каталіцкі святар усходняга абраду, архімандрыт, місіянер, рэлігійны, культурна-асветны і грамадскі дзеяч, педагог, культуролаг, даследчык гісторыі рэлігійнага жыцця ў Беларусі, саветолаг, пісьменнік і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімамі Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш.

Нарадзіўся 26.02.1911 у в. Трашчычы Наваградскага павета Менскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў з вуніяцкімі традыцыямі. У 1923-1931 гг. вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі. Пазней паступіў у Львоўскую духоўную акадэмію, у якой вучыўся да 1936 г. У тым жа годзе выехаў на вучобу ў Інсбрук (Аўстрыя), аднак па прычыне недастатковага ведання лацінскай мовы вучыцца далей не змог. Пасвячоны ў святары 17.10.1937 у Львове. Душпастырскую працу пачаў у Пінскай дыяцэзіі (1937-1939). У гады Другой сусветнай вайны жыў у Баранавічах, дзе працаваў у гандлёвай і медыцынскай школах (1939-1944). У сувязі з арганізацыяй Беларускага экзархата прызначаны экзархам А.Неманцэвічам сябрам Экзархальнай рады (02.05.1942). Прымаў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе ў Менску (1944). З 1944 г. - у эміграцыі. Займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Германіі. З восені 1945 г. знаходзіўся ў Рыме. Рашэннем Усходняй кангрэгацыі ў Ватыкане ад 16.10.1946 прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Да 1958 г. жыў у Парыжы, дзе рэдагаваў і выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам» (1947-1957). У 1959 г. выехаў у Рым, дзе ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў. У 1960 г. біскупам Ч.Сіповічам прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Дзейны сябра лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Удзельнік XIV Кангрэса «Царква ў патрэбе» ў Кёнігштайне (31.07-04.08.1964). У 1970-1977 гг. кіраваў Беларускай секцыяй Ватыканскага радыё і выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Памёр 28.07.1977 у Парыжы. Пахаваны на могілках св. Панкрата ў Лондане.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЭГБ, II; Мартос А.; Божым шляхам (Лондан). 1966. № 94; 1978. № 1.

Паведаміць пра недакладнасьць