Грынкевіч Станіслаў (1901-1945), культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., лекар-псіханеўролаг, пісьменнік і перакладчык.

Нарадзіўся 23.02.1901 у мястэчку Новы Двор Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Пляменнік беларускага святара і культурнага дзеяча Францішка Грынкевіча. Вучыўся ў Гарадзенскай мужчынскай гімназіі. У пачатку Першай сусветнай вайны выехаў у Смаленскую губ. Скончыўшы 7-ы клас Дарагабужскай гімназіі, вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на медыцынскім факультэце ўніверсітэта імя Стафана Баторыя ў Вільні, адкуль перавёўся ў Пазнанскі ўніверсітэт, дзе і закончыў вучобу. Працаваў асістэнтам у клініцы Познані, ардынатарам псіхіятрычнага шпіталя ў мястэчку Харошч на Беласточчыне. Прымаў удзел у заходнебеларускім культурна-грамадскім жыцці. У 1931-1936 гг. - сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і віцэ-старшыня кіруючага органа гэтай партыі. Уваходзіў у склад прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Аўтар працы «Народ», кнігі «Аб тэатры», апавядання «Арлянё» (усе 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936), медыцынскіх брашур і інш., выдадзеных у Вільні. Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую кнігу вядомага аскета і містыка Тамаша Кемпійскага «Сьледам за Хрыстусам» (1934). У гады Другой сусветнай вайны быў звязаны з беларускім незалежніцкім і грамадска-палітычным рухам. З прыходам савецкіх войскаў арыштаваны органамі бяспекі (1944). 18.05.1945 ваенным трыбуналам Беларуска-Летувіскай ваеннай акругі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ЭГБ, III; БП, VI.

Паведаміць пра недакладнасьць