Клімовіч Адольф (1900-1970), культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., палітык, выдавец, публіцыст.

Нарадзіўся 07(13?).04.1900 г. у в. Казаноўшчына (паводле іншых крыніц - у в. Клюшчаны) Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. У 1921 г. скончыў Віленскую беларускую гімназію. Прадоўжыў вучобу ў Чэхаславакіі, у Вышэйшай школе інжынераў сельскай і лясной гаспадаркі ў Празе (1922-1928). Дзеяч беларускага студэнцкага руху. У гады вучобы - кіраўнік Беларускай грамады ў Празе і загадчык аддзела міжнародных зносін у Аб'яднанні беларускіх студэнцкіх арганізацый. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). Пасля вяртання ў Вільню працаваў на культурна-грамадскай і рэлігійнай ніве. Відны дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1928-1936 гг. узначальваў гаспадарчае аддзяленне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Працаваў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Супрацоўнічаў з заходнебеларускім свецкім і рэлігійным перыядычным друкам («Chryścijanskaja Dumka», «Маладое жыцьцё»). У 1932-1939 гг. рэдагаваў і выдаваў гаспадарчы часопіс «Самапомач». З 1934 г. - кіраўнік Беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва ў Польшчы. У 1938 г. быў дэпартаваны з Вільні польскімі ўладамі. Садзейнічаў выданню газеты «Biełaruskaja krynica» (1939-1940). У гады Другой сусветнай вайны прадоўжыў беларускую грамадска-палітычную і культурную дзейнасць. Пэўны час працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў Лідзе. У 1952 г. арыштаваны органамі бяспекі. Ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі 28.02.1953 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Праз месяц расстрэл быў заменены на 25 гадоў лагераў. Вярнуўся ў Вільню ў 1956 г. У апошнія гады жыцця працаваў над біяграфічным слоўнікам беларускіх рэлігійных, культурных і палітычных дзеячаў. Памёр 24.10.1970 у Вільні. Пахаваны на парафіяльных могілках у в. Клюшчаны.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, вып. 1, спр. 1; ЭГБ, IV; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1928. № 7; Stankiewicz A., 1929.

Паведаміць пра недакладнасьць