Паўловіч Сяргей (1875-1940), праваслаўны свецкі і культурна-асветны дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, багаслоў, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, пісьменнік, публіцыст і выдавец. У беларускім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Паляшук (Palašuk).

Нарадзіўся 13.09.1875 у в. Асавец Кобрынскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара Канстанціна Паўловіча. У 1896 г. скончыў Літоўскую духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні. Прадоўжыў вучобу ў Кіеве. У 1900 г. скончыў праваслаўную духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. Да 1909 г. працаваў у царкоўных установах. Пазней займаўся педагагічнай дзейнасцю: выкладчык у настаўніцкай семінарыі і жаночай гімназіі ў Рагачове (1909-1913), інспектар народных школ у Ваўкавыскім павеце (1913-1918), настаўнік і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1925-1928). Прымаў актыўны ўдзел у заходнебеларускім культурна-асветным і рэлігійным жыцці. Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі выданнямі («Летапіс», «Каласкі»). Уваходзіў у склад рэдакцыйнага камітэта заходнебеларускага часопіса «Голас праваслаўнага беларуса». Выдаваў царкоўны і культурна-асветны часопіс для дзяцей «Снапок». Адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Удзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства ў Вільні. Праследаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. Двойчы быў арыштаваны (1930, 1933). Сядзеў у Віленскай турме на Лукішках. Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету» (1926), «Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма» (ч. 1, 1928), «Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзейна» (1929), «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету» (1936), «Zasieuki» (1937) і інш. Памёр 16.09.1940. Пахаваны ў Вільні на Літоўскіх могілках.

Літ.: LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 322; ЭГБ, V; ЭЛіМБел, V.

Паведаміць пра недакладнасьць