Татарыновіч Пётар (1896-1978), каталіцкі святар заходняга абраду, папскі прэлат, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, выдавец, рэдактар, пісьменнік, перакладчык і публіцыст. У літаратурна-публіцыстычным жыцці выступаў пад псеўданімамі Пётра Задума, Мядзведзіцкі.

Нарадзіўся 02.06.1896 у в. Гайнін Слуцкага павета Менскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Караліна (з дому Пашукевічаў) Татарыновічы. Вучыўся ў архідыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, а пазней - у Менскай каталіцкай семінарыі. Будучы клерыкам, уключыўся ў беларускі нацыянальна-рэлігійны рух. Пасвячоны ў святары 12.06.1921. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў у Пінску (1921-1922). Працаваў настаўнікам у Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Наваградку. У 1922 г. прызначаны прэфектам некалькіх мясцовых школ у г. Баранавічы. У 1926 г. высланы з Беларусі на Мазуры (Польшча), дзе каля году выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкай парафіі. Вярнуўся на Палессе ў 1927 г. Працаваў у парафіях Дамачава (1927-1931) і Столін (1932-1939). У час душпастырскай дзейнасці ў Пінскай дыяцэзіі шырока ўключыўся ў беларускую культурна-асветную і рэлігійную справу. Выступаў з казаннямі на беларускай мове, аказваў маральную і матэрыяльную падтрымку беларускім вуніяцкім парафіям у Дзяляцічах, Альпені, Хутарах і інш. Арганізаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі «Krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Выступаў на старонках беларускага вуніяцкага часопіса «Да злучэння» (1932-1937). Шырока супрацоўнічаў з вуніяцкімі святарамі А.Неманцэвічам і В.Аношкам. Выдаў шэраг кніг і брашур рэлігійнага і папулярнага зместу («Вялікія людзі», «Купальле», «Шляхам дзіваў і ўражаньняў», «Зярняткі з роднай юнацкай нівы»). У гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе выкладаў рэлігію ў беларускай школе і выконваў святарскія абавязкі спачатку ў касцёле св. Марціна, а потым у касцёле айцоў базыльянаў. Удзельнічаў у працы 2-га Ўсебеларускага кангрэса ў Менску, дзе выступіў з прывітальнай прамовай. У 1943 г. працаваў рэферэнтам культуры і асветы ў Беларускім камітэце. З 1944 г. - у эміграцыі. Каля года жыў у Германіі. Пазней пераехаў у Рым, дзе з кастрычніка 1945 г. пасяліўся стала. У 1945-1949 гг. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце, абараніў доктарскую працу «Св. Кірыла Тураўскі і яго дактрына асцэтычная». З верасня 1950 г. выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič» (Рым, 1950-1975). Арганізаваў Беларускую секцыю Ватыканскага радыё, дзе працаваў у 1950-1970 гг. Адначасова з душпастырскай і рэлігійнай дзейнасцю распачаў выданне беларускай духоўнай літаратуры (як арыгінальнай, так і перакладной). Аўтар пераклада і тлумачэнняў кнігі «Сьвятая Эвангелія, Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954). Пераклаў на беларускую мову раман Г.Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956). Рашэннем Кансістарыяльнай кангрэгацыі ад 21.01.1964 быў прызначаны Апостальскім пасадам дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі. Ініцыятар і пачынальнік беларусізацыі літургіі. Памёр 03.09.1978 у Рыме.

Літ.: Elenchus... Pinscensis; Бацькаўшчына (Мюнхен). 1961. № 50-51; Мартос А.; Божым шляхам (Лондан). 1967. № 1; 1979. № 150; Беларус (Нью-Ёрк). 1978. № 258; 1980. № 283-284.

Паведаміць пра недакладнасьць