Цікота Андрэй (1891-1952), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, архімандрыт, апостальскі адміністратар Усходняй місіі ў Маньчжурыі і Кітаі, генерал ордэна айцоў марыянаў, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 05.12.1891 у Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Фелікса Цікоты. У траўні 1909 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. З верасня 1909 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 г. быў прыняты ў Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. Актыўна ўдзельнічаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Маладэчне (1917-1918). У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1919 г. увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Менску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка. У гады польска-савецкай вайны 1920 г. пэўны час знаходзіўся пад арыштам. На пачатку 1920-х гадоў уступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Я.Тарасевічам. Пасля 1923 г. жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Арганізаваў гімназію. Разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў Друйскай парафіі і наваколля. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). У 1933-1939 гг. двойчы абраны генералам ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. У 1939 г. накіраваны Апостальскім пасадам у якасці адміністратара Ўсходняй місіі ў Харбін (Маньчжурыя). Арыштаваны з групаю беларускіх святароў у снежні 1948 г. кітайскімі ўладамі. Перададзены органам савецкай бяспекі. Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Асуджаны на 25 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Памёр 21.02.1952 (паводле іншых крыніц 13.02.1952) у адным з савецкіх лагераў пад Тайшэтам (Усходняя Сібір).

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ц»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 4; Stankiewicz A., 1929; Stankievič A., 1939; Божым шляхам (Лондан). 1955. № 68-69, 82, 83; Źnič (Рым). 1972. № 113; Архівы БНР.

Паведаміць пра недакладнасьць