Змеяед (Circaetus gallicus Gm., 1788)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від з нераўнамерным пашырэннем, колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. У сусветнай фауне род прадстаўлены ўсяго 4, ва ўсходняй Галарктыцы 1 відам.
Кароткае апісанне. Вялікая птушка з буйной галавой і выразнымі ярка-жоўтымі вачыма. Даўжыня цела каля 70-73 см, маса да 2 кг, размах крылаў 1,85-1,95 м. Зверху цела шаравата-бурае, знізу - белае з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Самкі больш буйныя.
Пашырэнне. Арэал ахоплівае Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу, Паўночна-Заходнюю Афрыку, Каўказ, Пярэднюю і Сярэднюю Азію, Паўднёва-Заходнюю Сібір. У Беларусі від знаходзіцца каля паўночна-заходняй мяжы свайго арэала [2].
Месцы пражывання. Лесабалотныя ландшафты, мяшаныя і хваёвыя лясы паблізу забалочаных тэрыторый. У Беларускім Паазер'і 60% папуляцыі прымеркавана ў асноўным да вярховых балот, 40% гняздуецца ў хваёвых лясах з украпінамі невялікіх хваёва-сфагнавых балот [3, 4]. Гнездавыя біятопы, як правіла, актыўна наведваюцца чалавекам.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларускім Паазер'і да 1967 г. зафіксавана 3 гнязды [2, 5], у іншых раёнах краіны - 8 гнёздаў [2]. У 1977-1987 гг. у Беларускім Паазер'і выяўлена 7 гнездавых участкаў з 10 жылымі гнёздамі [6]. Акрамя таго, у гнездавы перыяд змеяед адзначаны ў 10 пунктах Віцебскай вобласці [3, 6, 17]. Усяго ў Беларускім Паазер'і гняздуецца не больш за 60 пар [8]. Колькасць для астатняй тэрыторыі Беларусі невядомая. Жылыя гнёзды адзначаны 17.06.1975 г. ў Жыткавіцкім [9, 10], у 1979 г. - у Мядзельскім [11] раёнах. Гняздуецца ў Прыпяцкім запаведніку [12]. Да 1974 г. гнездаваўся ў Белавежскай пушчы [13, 14]. У Налібоцкай пушчы сустрэты ў чэрвені-ліпені 1981-1982 гг. у наваколлі хутара Рудня Налібоцкая і ў канцы 1960-х гг. у наваколлі пасёлка Першамайскі [15]. Пару птушак назіралі на такаванні 10.05.1985 г. ў Гарадзенскім раёне [16]. У ліпені 1976 г. знойдзены на гнездаванні ў Негарэльскай вучэбна-доследнай лясной гаспадарцы Менскай вобласці [17]. Прасочваецца тэндэнцыя да колькаснага змяншэння віду ў Беларусі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Адстрэл птушак браканьерамі [3, 4, 13], асушэнне і асваенне балот - асноўнага кармавога біятопу птушкі. Знішчэнне яек крумкачом.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Прылёт дастасаваны да часу поўнага раставання снегу і выхаду рэптылій з зімоўкі. Шлюбныя гульні назіраюцца ў канцы красавіка. Адразу ж пасля прылёту паднаўляюцца старыя або будуюцца новыя гнёзды. У большасці выпадкаў гнёзды будуюцца на хвоях, вельмі рэдка на дубах і елках, размяшчаюцца ў верхняй мутоўцы або на канцах бакавых галін дрэў. Гнёзды ў сярэднім 60 см у дыяметры, латак высцілаецца зялёнымі галінкамі хвоі і бярозы. У кладцы (першыя дні траўня) заўжды 1 буйное белае яйка сярэднімі памерамі 75,2 x 59,3 мм [6]. Наседжванне доўжыцца 45-48 сутак. Птушаня вылупліваецца ў першай дэкадзе чэрвеня і пакідае гняздо ў пачатку жніўня, да адлёту трымаецца разам з дарослымі асобінамі, якія яго падкормліваюць [2-4, 6]. Да месцаў гнездавання вельмі прыхільны: характэрна суседства на зусім невялікім участку (максімум 200 x 300 м) 3-7 гнёздаў птушкі, пабудаваных у розны час [6]. Асноўныя кармавыя аб'екты - паўзуны (часцей звычайная гадзюка), часам паядае жаб, дробных грызуноў [2-4, 6]. Поспех гнездавання невысокі, каля 67% [4]. Памер паляўнічага ўчастка з радыусам аблёту да 13 км [18]. Асенняя міграцыя доўжыцца з верасня да сярэдзіны кастрычніка. Птушка, якую 09.07.1983 г. акальцавалі ў гняздзе на тэрыторыі Докшыцкага раёна, здабыта 25.10.1983 г. каля г. Стара Загора ў Балгарыі [6].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Беларусі здабыча забаронена. У Віцебскай вобласці вакол гнёздаў птушкі вылучаюцца ахоўныя зоны радыусам 250 м, у межах якіх забаронены ўсе віды лесагаспадарчых работ [4]. Гнездавыя і паляўнічыя біятопы змеяеда ахоўваюцца ў заказніках рознага прызначэння (паляўнічых, гідралагічных, журавінных і інш.), у складзе якіх ёсць вярховыя балоты.
Неабходныя меры аховы. Забарона асушэння і распрацоўкі вярховых балот. Абмежаванне колькасці крумкачоў у месцах гнездавання змеяеда. Шырокая прапаганда аховы гадзюк - асноўных кармавых аб'ектаў птушкі. Выяўленне, улік і строгая ахова (стварэнне ахоўных зон вакол гнёздаў) месцаў гнездавання змеяеда на ўсёй тэрыторыі краіны.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Ивановский, 1983; 4. Ивановский, 1985 а; 5. Дорофеев, 1970; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Ивановский, 1985 б; 9. Клакоцкі (асаб. павед.); 10. Ямінскі, Нікіфараў (асаб. павед.); 11. Грычык (асаб. павед.); 12. Клакоцкий, Вадковский, 1985; 13. Дацкевич, Попенко, 1981; 14. Ракоўскі (асаб. павед.); 15. Шкляров, Гричик, 1985; 16. Гулеўскі (асаб. павед.); 17. Рекомендации по охране птиц, 1980; 18. Голодушко, 1965.

У.Іваноўскі

Паведаміць пра недакладнасьць