Сапсан (Falco peregrinus Tunst., 1771)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, магчыма, у Беларусі ўжо не гняздуецца. Уключаны ў Чырвоную кнігу МСАП (II катэгорыя) і Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 10 (у Беларусі з 5) відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Буйны сокал (даўжыня цела 42-50 см, маса да 1,3 кг) з вострымі крыламі, размах якіх 0,93-1,1 м, і доўгім клінападобным хвастом. Афарбоўка рэзка кантрасная: спіна, верх галавы, крылаў і хваста цёмна-бурыя з шызым налётам, ніз светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (у самак больш яркі). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Ад вачэй уніз ідуць цёмныя «вусы». Васковіца, кольцы вакол вачэй, цэўка і пальцы - жоўтыя. Самкі значна буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Тундра, лесатундра і лясная зона Паўночнай Эўразіі. У Беларусі адзначаўся на гнездаванні да 50-60-х гг. 20 ст. на Палессі, у Белавежскай пушчы, Бярэзінскім запаведніку, Лагойскім, Докшыцкім, Верхнядзвінскім, Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах [2-7]. У Белавежскай пушчы ў 50-я гады - штогод рэгістравалася 4-6 гнездавальных пар, але ўжо ў 1974-1979 гг. не адзначаны [2, 3]. У траўні 1982, 1983 і 1986 гг. асобныя птушкі назіраліся ў Міёрскім раёне [5, 7, 8], у траўні 1983 г. і ў чэрвені 1987 г. - у Белавежскай пушчы [9, 10], у жніўні 1985 г. - у Бярэзінскім запаведніку [11]. Летам 1980 г. вывадак лётных маладых пры двух дарослых птушках адзначаны ў Мядзельскім раёне, у сакавіку 1981 г. - там жа пара птушак каля гнязда крумкача (пазней ужо не наглядаліся) [12]. У цяперашні час гнездаванні невядомы. Асобныя птушкі адзначаюцца ўлетку, а вясной і восенню на пралёце. У Паазер'і большасць сустрэч адзінкавых птушак у гнездавы перыяд і на пралёце прымеркавана да буйных вярховых балот (Ельня, Обаль, Гладанскі мох, Сэрвач, Асвейскае) [5, 7].
Месцы пражывання. Старыя разрэджаныя бары паблізу адкрытых прастораў балот, азёрных і рачных поймаў; буйныя вярховыя балоты з градава-азёрным і градава-багнавым расліннымі комплексамі [2, 3, 5-12].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У эўрапейскай частцы арэала колькасць паўсюдна надзвычай нізкая. У Фінляндыі, Даніі, Германіі і Польшчы ўжо не трапляецца. У Прыбалтыцы, паўночна-заходніх абласцях Расеі і Беларусі напэўна ўжо не гняздуецца [1, 13, 14]. Звесткі аб трапляльнасці віду ў Беларусі за 1950-1980-я гг. сведчаць аб рэзкім скарачэнні яго колькасці і верагодным знікненні на гнездаванні ў апошні час [2-12].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне гнездавых біятопаў, умоў гнездавання і здабычы корму пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Шырокае выкарыстанне пестыцыдаў. Праследаванне і знішчэнне птушак у мінулым. Фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Манагам з выразным гнездавым кансерватызмам. На балоце Обаль (Шумілінскі раён) у адным і тым жа месцы гняздзіўся 13 гадоў запар. Прылятае ў другой палове сакавіка. Гняздуецца ў гнёздах гракоў, варон, крумкачоў, зрэдку - на высокіх старых будынках. Кладка з 2-4 яек памерамі 51,8 x 41,8 мм ў сярэдзіне красавіка-траўні. Наседжванне 28-35 сутак. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 5-6 тыдняў, вылятаюць у ліпені. Ужо ў жніўні шырока вандруюць і перамяшчаюцца да месцаў зімоўкі. Зімуюць у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе. Полавая спеласць у гадавалым узросце [1, 2, 13, 14]. Корміцца галубамі, качкамі, цецерукамі, кулікамі, варонамі, сарокамі, сойкамі і інш. У Віцебскай вобласці здабывае галоўным чынам качак і шэрых варон [5, 7].
Развядзенне. Размнажаецца ў спецыялізаваных гадавальніках ЗША, Канады, Германіі, Фінляндыі. Утрымліваецца ў гадавальніку Окскага запаведніка і шэрагу заапаркаў [1].
Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Дадатак 1 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [15]. Месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова гнёздаў і месцаў пражывання. Стварэнне вакол жылых гнёздаў зон абсалютнай запаведнасці. Вывучэнне экалогіі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Дацкевич, Попенко, 1981; 4. Долбик, 1970; 5. Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Дорофеев, 1970; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 9. Дацкевіч (асаб. павед.); 10. Ракоўскі (асаб. павед.); 11. Цішачкін, Бышнёў (асаб. павед.); 12. Грычык (асаб. павед.); 13. Дементьев, 1951; 14. По страницам Красной книги, 1987; 15. Положение, 1987.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць