Залацістая шчурка (Merops apiaster L., 1758)
Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes), сямейства Шчуркавыя (Meropidae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які гняздуецца калоніямі. Можа знікнуць, калі не ўвесці спецыяльныя меры аховы.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду ў фауне Палеарктыкі. Паколькі размеркаванне віду ўнутры арэала, асабліва паблізу паўночных яго межаў, нераўнамернае, то ў захаванні генафонду значэнне віду вялікае.
Кароткае апісанне. Птушка памерамі са шпака, даўжыня цела 27-30 см. Маса 50-60 г [1]. Афарбоўка вельмі яркая: у апярэнні шмат пёраў з зялёнымі, блакітнымі, жоўта-рыжымі адценнямі. Галава зверху каштанавая, з бакоў зеленавата-блакітная. Палоса за вокам і пад ім, пёры на вушах - чорныя. Падбародак і горла ярка-жоўтыя. Доўгая чорная дзюба крыху як бы загнутая ўніз. Спіна зверху бліжэй да галавы каштанавая, яе ніз і паясніца - залаціста-рыжыя. Хвост зеленавата-сіні, доўгі. Сярэдняя пара рулявых пёраў на 2-3 см даўжэйшая за астатнія. Ногі карычнявата-шэрыя. Афарбоўка маладых птушак больш бледная і цьмяная.
Пашырэнне. Гняздуецца на поўдні Эўропы, у Азіі, на паўночным захадзе Афрыкі. Пашырана ад Малдовы і Ўкраіны да Каўказа і вусцяў Волгі і Ўрала, на поўнач да Курска, Тамбова, вусця Камы, возера Балхаш, далей на ўсход арэал пашыраецца да Сяміпалацінска і Барнаула і яшчэ далей - да Зайсанскай і Эмельскай катлавін [2]. У Беларусі птушка жыве толькі на самым крайнім поўдні. Упершыню названа для Палесся ў 1887 г. А.Нікольскім [3]. У чэрвені 1980 г. за 2 км на поўнач ад Гомеля знойдзена гняздо з кладкай [4], а ў ліпені 1985 г. ў наваколлі г.п. Тураў ва ўрочышчы Казаргаць выяўлена каланіяльнае пасяленне птушак [5]. У гнездавы перыяд у 1986 г. птушкі таксама адзначаны каля в. Дрэбек Лунінецкага раёна [6]. У іншых раёнах Беларусі шчурка не сустракалася.
Месцы пражывання. Пясчаныя кар'еры, узвышэнні рэльефу, насыпы ўздоўж дарог, крутыя абрывы каля рэк, яры ў месцах з рэдкай расліннасцю.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У калоніі ва ўрочышчы Казаргаць было прыкладна 60 пар птушак. Колькасць нор 68, жылымі аказаліся 42, плошча калоніі 0,45 га. З аднаўленнем распрацовак у кар'еры птушкі былі вымушаны пакінуць пасяленне і ў 1986 г. перамясціцца на новае месца за 1,5 км ад папярэдняга.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Малалікасць на поўдні Беларусі пясчаных яроў, прыдатных для гнездавання гэтых птушак, прыхільных да адкрытых і малалюдных стэпавых прастораў; разбурэнне гнёздаў чалавекам, якое стымулюецца прывабнай яркай афарбоўкай птушак і спецыфікай іх паводзін.
Асаблівасці біялогіі. Грамадскія птушкі, трымаюцца чародамі, часта садзяцца на правады і сухія галіны, лятаюць хутка, лёгка. Гняздуюцца ў норах глыбінёй 1-1,5 м, якія робяць самі дзюбай у пясчаных абрывах. У гняздзе 5-8 белых бліскучых амаль шарападобнай формы яек памерамі 26 x 21,9 мм. Кормяцца джаланоснымі восамі і пчоламі, а таксама матылькамі, у т.л. такімі, якія маюць засцерагальную афарбоўку і не паядаюцца іншымі птушкамі.
Развядзенне. У Беларусі ў няволі не ўтрымліваліся.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльных мер не было. Пэўную ролю меў грамадскі пратэст супраць узнаўлення работ ва ўрочышчы Казаргаць, дзе пасяліліся птушкі.
Неабходныя меры аховы. Прапаганда ведаў аб птушках з спецыяльным вытлумачваннем насельніцтву спецыфікі працэсаў усялення новага віду, вялікай яго няўстойлівасцю на пачатковых этапах засялення неабжытых месцаў.

Літ.: 1. Определитель птиц СССР, 1964; 2. Жизнь животных, 1970; 3. Никольский, 1887; 4. Чуяшкоў (асаб. павед.); 5. Клакоцкі (асаб. павед.); 6. Юрко (асаб. павед.).

М.Долбік, Ю.Вязовіч

Паведаміць пра недакладнасьць