Малы бугай (Ixobrychus minutus L., 1766)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. II катэгорыя. У Беларусі недастаткова вывучаны рэдкі гняздоўны або пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 32-39 см, маса 130-170 г. Цела сціснута з бакоў. У дарослых самцоў афарбоўка верха галавы, спіны, махавых і рулявых пёраў чорная, шыя і грудзі вохрыстыя з бураватай падоўжнай палосай, брушка белаватае. Крыючыя пёры крыла жоўтыя, дзюба і ногі зеленаватыя. У самак спіна бураватая, дзюба жоўтая з бурым канцом.
Пашырэнне. Эўразія (у Эўропе да шыраты Санкт-Пецярбурга; Казахстан, Сярэдняя Азія, Каўказ), Афрыка (на поўдзень ад Сахары), поўдзень Аўстраліі і Новая Зеландыя. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. У краіне пашыраны паўсюдна, але часцей трапляецца на Палессі [1]. Гнездаванне пацверджана для Пінскага, Лунінецкага, Столінскага, Жыткавіцкага раёнаў [1]. У Бярэзінскім запаведніку рэдкі гняздоўны від [2]. Бугаі здабыты ў Добрушскім раёне на р. Іпуць [1], а таксама ў пойме Сажа ў Лоеўскім раёне ў 1968 г. [3]. У 1984-1985 гг. яны гнездаваліся на Чыжоўскім вадасховішчы ў Менску [4], трапляліся таксама ў заказніку «Лебядзіны» ў Менску [5]. Адзначаны на сажалках рыбгасаў «Волма» ў Чэрвеньскім раёне і «Страдзеч» у Берасцейскім раёне [6]. Зарэгістраваны ў Белавежскай пушчы і Гарадзенскай вобласці [1]. У Гарадоцкім раёне 16 чэрвеня 1964 г. на Бурачкоўскім возеры знойдзена кладка з 8 наседжаных яек [7], на р. Іса 31 ліпеня 1982 г. трапіўся вывадак не менш чым з 4 птушак [7]. 8 чэрвеня 1982 г. адзначаны асобныя птушкі на воз. Дабея ў Шумілінскім раёне [7]. 12-16 ліпеня 1974 г. ва ўрочышчы Дымаўшчына пад Віцебскам у гняздзе знаходзілася 5 моцна наседжаных яек [8].
Месцы пражывання. Прыбярэжныя зараснікі трыснягу, рагозу, вярбы па суседству з мелкаводдзямі, зарослымі падводнай расліннасцю з вокнамі чыстай вады [1, 4]. Селіцца і паблізу населеных пунктаў і нават у межах гарадоў [1, 4, 5, 8]. Дзякуючы скрытнаму спосабу жыцця і здольнасці маскіравацца, бугай рэдка пападаецца на вочы нават тады, калі ён пасяляецца побач з жыллём чалавека, але голасам выдае сваю прысутнасць [1].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вывучана недастаткова.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка і хімічнае знішчэнне прыбярэжных кустоў, выпальванне трыснягу, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Прылёт у красавіку. Пары, якія гняздуюцца, трымаюцца адасоблена на значнай адлегласці адна ад другой. Гнёзды робяць на сагнутых сцёблах трыснягу, на галінках кустоў, радзей невысока на дрэвах. Кладкі з сярэдзіны траўня. У кладцы 5-9 белых яек памерамі 35,1 x 26,2 мм [1]. Кормяцца воднымі насякомымі, дробнай рыбай, земнаводнымі, часам яйкамі і птушанятамі дробных прыбярэжных птушак. Адлятаюць у вырай у верасні, але асобных птушак каля Пінска назіралі да 9 кастрычніка [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках, запаведна-паляўнічай гаспадарцы «Белавежская пушча», у заказніках «Лебядзіны», «Дымаўшчына» і інш. Паляванне на малога бугая забаронена.
Неабходныя меры аховы. У месцах пражывання забарона высечкі хмызняку і выпальвання трыснягу. Узмацненне барацьбы з ворагамі бугая малога - птушкамі сямейства крумкачовых. У месцах сумеснага пражывання з іншымі рэдкімі відамі арганізацыя заказнікаў, абмежаванне на гняздоўны перыяд аматарскага рыбалоўства і іншых відаў рэкрэацыі. Папулярызацыя аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, 1970; 3. Шкляроў (асаб. павед.); 4. Самусенка (асаб. павед.); 5. Ямінскі (асаб. павед.); 6. Вадкоўскі (асаб. павед.); 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Іваноўскі (асаб. павед.).

Э.Самусенка

Паведаміць пра недакладнасьць