Вялікі кулон (Numenius arquata L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з двух відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Найбольш буйны з кулікоў (даўжыня каля 60 см, маса 575-950 г) з доўгімі нагамі і доўгай загнутай уніз дзюбай. Афарбоўка апярэння буравата-шэрая з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, надхвосце белае. Палёт плаўны з рэдкімі ўзмахамі крылаў.
Пашырэнне. Амаль ўся Эўропа (акрамя арктычнай зоны), Сібір, Паўночны Казахстан, Манголія і Паўночна-Ўсходні Кітай. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. Найбольш буйныя ачагі гнездавання птушак вядомы ў Паазер'і і на Нарачанскіх азёрах. На астатняй тэрыторыі трапляецца значна радзей. Вядомы пасяленні птушак у Бярэзінскім запаведніку, у Наваградскім, Пухавіцкім, а таксама ў Столінскім, Берасцейскім, Жыткавіцкім і некаторых іншых раёнах Палесся.
Месцы пражывання. Вялікія адкрытыя або з рэдкай дрэвава-хмызняковай расліннасцю прасторы, пераважна вярховыя балоты, поймы азёр і рэк. Радзей гняздуецца на сухіх травяністых астравах буйных азёр [1], а таксама на лугах і ў аграцэнозах, размешчаных побач з мокрымі поймамі [2].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Паазер'і, дзе вядома не менш 14 пасяленняў птушак, іх агульная колькасць 280-300 пар [1]. У Бярэзінскім запаведніку гняздуецца прыкладна 15-20 пар [3]. На буйных балотах Палесся трапляецца ад 3-7 да 15-20 пар [4, 5]. У апошні час колькасць птушак працягвае зніжацца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне і змяненне месцаў пражывання ў выніку меліярацыі. Павелічэнне фактару неспакою. Адзначаны выпадкі разбурэння гнёздаў пры рабоце сельскагаспадарчай тэхнікі ў месцах гнездавання [2].
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы сакавіка - першай палове красавіка. Гняздзіцца невялікімі разгрупаванымі калоніямі. Манагам. Гняздо на купінах ў моху або сярод травы. Кладка з 4 яек памерамі 67,7 x 46,7 мм у канцы красавіка - першай палове траўня. Наседжванне 28-30 сутак. Птушкі вельмі палахлівыя і пакідаюць гняздо пры набліжэнні да яго на 200-250 метраў. У раёне гнязда актыўна атакуюць драпежных і крумкачовых птушак. У жніўні вандруюць і паступова адлятаюць. Кормяцца малюскамі, чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі жабамі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [7]. Месцы гнездавання ахоўваюцца ў гідралагічных заказніках на буйных балотах поўначы краіны.
Неабходныя меры аховы. Інвентарызацыя вядомых і выяўленне новых пасяленняў птушак. Стварэнне заказнікаў у месцах размяшчэння найбольш буйных калоній. Зніжэнне фактару неспакою ў перыяд размнажэння птушак.

Літ.: 1. Охраняемые растения и животные, 1982; 2. Нікіфараў, Грычык (асаб. павед.); 3. Цішачкін, Бышнёў (асаб. павед.); 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Казулін (асаб. павед.); 6. Чырвоная кніга БССР, 1981; 7. Положение, 1987.

М.Нікіфараў

Паведаміць пра недакладнасьць