Малая чайка (Larus minutus Pall., 1776)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Чайкавыя (Laridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, які гняздуецца каланіяльна і схільны да міграцый. Арэал раз'яднаны.
Значэнне ў захаванні генафонду. Монатыпічны від. Паходжаннем блізкая да чайкі ружовай [1].
Кароткае апісанне. Самая дробная чайка ў сусветнай фауне - памерамі меншая за галку, даўжыня цела 28-30 см, маса да 150 г. Крылы і спіна бледна-шызыя, падыспод крылаў цёмны або чарнавата-шэры. Галава вугальна-чорная, чорная пляма ахоплівае цемя, патыліцу, верхнюю частку шыі. Дзюба цёмна-чырвоная. Лапы і краі павек чырвоныя. Зімой галава белая з плямай каля вачэй, а дзюба чорная. Крылы параўнальна кароткія, закругленыя. Маладыя птушкі шаравата-бурыя зверху, белыя знізу. Крылы ў іх з чорнымі канцамі і дыяганальнай чорнай палосай, на канцы хваста вузкая чорная палоска. У адрозненне ад іншых відаў чаек ляціць лёгка, пырхаючы.
Пашырэнне. Ад астравоў Вялікабрытаніі на захадзе і амаль да Ахоцкага мора на ўсходзе, але надзвычай нераўнамерна. Асноўны гнездавальны арэал віду ў Палеарктыцы: Паўночны Казахстан, Заходняя Сібір, Прыбайкалле, басейн верхняй і сярэдняй Лены, на ўсход - амаль да ўзбярэжжа Ахоцкага мора [1]. У Эўропе птушка трапляецца больш рэдка. У Беларусі пашырана па ўсёй тэрыторыі, але засяляе яе таксама нераўнамерна, з вялікімі разрывамі: гнездаванне даказана на тэрыторыі рыбгаса «Лахва» (1953 г.) і ў вусці Цны (1978 г.) у Лунінецкім раёне [2], у 1967 г. на воз. Езярышча ў Гарадоцкім раёне [3], у 1970 і 1976 гг. у пойме Прыпяці каля Турава ў Жыткавіцкім раёне [4], у 1978 г. на Вілейскім вадасховішчы ў Вілейскім раёне і на воз. Асвейскае [5], у 1980 г. на воз. Арэхаўскае ў Маларыцкім раёне, у 1982 г. сустракалася ў пойме Прыпяці ад яе вытокаў да вусця, на Бярэзіне каля в. Горваль Светлагорскага раёна [6], адзначана ў гнездавы перыяд на біялагічных сажалках ачышчальных збудаванняў Пінска [7], у 1984 г. на тэрыторыі заказніка «Лебядзіны» ў Менску [8], а таксама ў іншых месцах усіх абласцей краіны [9].
Месцы пражывання. Густая берагавая і плаўневага тыпу расліннасць на прыродных (азёры) і штучных (рыбагадоўчыя сажалкі, вадасховішчы, вадаёмы ачышчальных збудаванняў) вадаёмах, старыцах, балотах з адкрытай вадой, прыбярэжныя забалочаныя лугі. Найбольшая колькасць гняздоўяў размяшчаецца на поймавых азёрах, у далінах рэк і на балотах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі прыкладна 2500 пар. Асноўныя гняздоўі знаходзяцца ў паўночнай (Віцебская вобласць - 1655 пар) і паўднёвай (Берасцейская вобласць - 345, Гомельская вобласць - 420 пар) частках, мала іх у Гарадзенскай, Магілеўскай і Менскай абласцях. На поўначы краіны калоніі фармуюцца пераважна на азёрах, на поўдні - у забалочаных поймах рэк і на балотах [9].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Інтэнсіўны выпас жывёлы ў поймах рэк, наведванне ёю водмеляў і грыў, якое прыводзіць да гібелі 22-46% кладак; разбурэнне гнёздаў рыбакамі на вадаёмах [9]; гібель кладак ад балотных мышаловаў і варон; адмоўнае ўздзеянне фактару неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Час прылёту не вызначаны. На р. Свіслач у Менску назіралі 23 красавіка 1985 г. Гняздуецца асобна або ў калоніях звычайных чаек і крачак. Гнёзды сярод асакі ці на цвёрдым субстраце, прыўзнятыя над паверхняй зямлі, пабудаваныя з сухога трыснягу, асакі і іншых балотных раслін. Дыяметр гнязда 18-20, глыбіня латака 8-9 см. У кладцы 2-3 яйкі памерамі 42,2 x 30 мм аліўкава-зеленаватага колеру з цёмнымі і цёмна-карычневымі пярэсцінкамі. Наседжаныя кладкі ў сярэдзіне - другой палове чэрвеня [10]. Корміцца насякомымі (99,8%), пераважна двухкрылымі і цвердакрылымі, шыцікамі, вяснянкамі, паўцвердакрылымі, стракозамі, прастакрылымі, вельмі рэдка малюскамі [9].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Прадугледжана спагнанне штрафу за незаконную здабычу птушкі, за разбурэнне гнязда, выманне кладкі і яйка.
Неабходныя меры аховы. Забарона выпасу жывёлы з 15 красавіка да 30 ліпеня ў поймах рэк бліжэй, чым за 200 м ад калоніі. Забарона на азёрах з 1 красавіка да 30 ліпеня ўсіх форм дзейнасці людзей бліжэй, чым за 70 м ад сплавін з гнёздамі птушак.

Літ.: 1. Птицы СССР. Чайковые, 1988; 2. Долбик, 1959; 3. Дорофеев, 1970; 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Навумчык (асаб. павед.); 6. Казулін (асаб. павед.); 7. Шокала (асаб. павед.); 8. Ямінскі (асаб. павед.); 9. Наумчик, 1985; 10. Федюшин, Долбик, 1967.

М.Долбік, Ю.Вязовіч

Паведаміць пра недакладнасьць