Малая крачка (Sterna albifrons Pall., 1774)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Чайкавыя (Laridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. У асобных месцах на поўдні Беларусі па Дняпры і Прыпяці адносна звычайная птушка.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду крачак, з якога ў фауне ўсходняй Галарктыкі 5 відаў і 7 падвідаў (крачка малая мае 2 падвіды).
Кароткае апісанне. Самая дробная з крачак, памерамі не большая за шпака, даўжыня цела каля 22 см, маса 40-50 г. Па афарбоўцы і абрысах цела падобная да крачкі рачной, але выглядае больш даўгадзюбай. Лоб белы, патыліца чорная, дзюба жоўта-аранжавая, канец яе чорны. Верх цела светла-шэры, хвост і цела знізу белыя, лапы жоўтыя. Колер дзюбы, дробныя памеры, хуткі, лёгкі палёт адрозніваюць птушку ад усіх іншых крачак. Маладым птушкам уласцівы шараватая «шапачка», стракатая спіна, бурая дзюба.
Пашырэнне. Ёсць амаль ва ўсіх частках свету, за выключэннем Паўднёвай Амерыкі. Ва ўсходняй Галарктыцы сустракаецца ад сярэдняй паласы Эўропы і Паўднёва-Заходняй Сібіры да Барнаула, Зайсана. У Беларусі да нядаўняга часу паўночная мяжа гнездавання крачкі малой праходзіла па шыраце воз. Нарач у Мядзельскім раёне, на поўдзень ад яе адзначалася спарадычна, асабліва на Дняпры і Прыпяці [1]. Цяпер паўночная мяжа праходзіць па шыраце Браслаўскіх азёр, дзе выяўлена калонія з 15 пар [2]. Спецыяльныя даследаванні чайкавых птушак Беларусі [3], заалагічныя экспедыцыі Інстытута заалогіі АН Беларусі ў 1982 і 1987 гг. пацвердзілі найбольшую заселенасць крачкай малой Дняпра і Прыпяці ў межах Гомельскай вобласці, а таксама іх прытокаў і вадаёмаў, у т.л. штучных, асабліва на поўдні Беларусі. Па Прыпяці гнездавыя калоніі птушкі вядомы ў вусці Ясельды, па р. Бобрык паблізу Турава, паміж Туравам і Хвоенскам, в. Галубіцы і г. Петрыкаў, у вусці Пцічы, паміж г.п. Нароўля і в. Дзярновічы і далей па цячэнню ракі да мяжы з Украінай. Па Дняпры калоніі выяўлены паміж в. Радунь і г. Лоеў, а таксама ў іншых месцах. Ёсць калонія птушак на р. Бярэзіна ў Светлагорскім раёне [4], крачкі адзначаны на р. Мухавец у Берасцейскім раёне [5]. Практычна крачка малая можа трапляцца на вадаёмах усіх абласцей, за выключэннем паўночнай часткі Віцебскай. На сярэдніх і паўднёвых шыротах краіны від не стварае ўражання рэдкага.
Месцы пражывання. Селіцца на вялікіх і сярэдніх рэках, азёрах, вадасховішчах, рыбагадоўчых сажалках і вадаёмах ачышчальных збудаванняў там, дзе ёсць пясчаныя косы, галечныя і пясчаныя астравы з рэдкай сухалюбнай расліннасцю. Гняздуецца невялікімі калоніямі па 10-50 пар або асобнымі парамі ў складзе калоній іншых крачак.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць ацэньваецца ў 950 пар у 56 калоніях, у Гомельскай вобласці 58,3% ад гэтай колькасці, у Берасцейскай - 25,3, Гарадзенскай - 2,2, Менскай - 10,3, Магілеўскай - 2,4 і ў Віцебскай - 1,5%. Асноўная колькасць птушак канцэнтруецца на рэках (30,6%) і вадасховішчах (14,4%). Менш іх на рыбагадоўчых сажалках (9,4%), балотах (4,1%) і азёрах (1,5%) [2]. Найбольшая калонія (каля 90 пар) знаходзіцца ва ўрочышчы Балоння каля Турава [6], калонія з 50 пар - у вусці Ясельды, па яе цячэнню адзначаны калоніі да 30 пар [7].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Малалікасць прыдатных для гнездавання месцаў, значная гібель гнёздаў і цэлых калоній у час паводак і ад змывання хвалямі пры праходжанні суднаў, вытоптванне гнёздаў жывёлай у час выпасу ў поймах рэк, адмоўны ўплыў дзейнасці чалавека, наведвання калоній турыстамі, рыбаловамі [8], знішчэнне кладак птушкамі і наземнымі драпежнікамі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае 20-30 траўня. Гнёзды - ямкі ў пяску без высцілкі. У кладцы 1-4, найчасцей 3 яйкі памерамі 31,5 x 23,6 мм шараватага колеру з дробнымі фіялетавымі і чорна-бурымі крапінкамі. Свежыя кладкі ў гнёздах у канцы траўня, наседжаныя - у першай дэкадзе чэрвеня. Лётны маладняк у пачатку жніўня [1]. Корміцца дробнай рыбай на мелкаводдзі, пераважна акунькамі, плоткай, верхаводкай, джгірамі [2]. Адлятае ў жніўні [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забаронены адлоў і адстрэл птушак, разбурэнне гнёздаў. Прадугледжаны меры матэрыяльнага пакарання за адстрэл.
Неабходныя меры аховы. У сувязі з тым, што віду ўласцівы слабы гнездавы кансерватызм, неабходна стварэнне зон спакою хоць бы ў асобных месцах, прыдатных для гнездавання [9], забарона выпасу і прагону жывёлы на пясчаных наносах у поймах рэк з 15 красавіка да 30 ліпеня на адлегласці, меншай за 500 м ад калоній, абмежаванне наведвання чалавекам месцаў гнездавання, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Наумчик, 1985; 3. Наумчик, 1987; 4. Казулін (асаб. павед.); 5. Шокала (асаб. павед.); 6. Клакоцкі (асаб. павед.); 7. Зуёнак, Казулін, Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 8. Наумчик, 1982; 9. Птицы СССР. Чайковые, 1988.

М.Долбік, Ю.Вязовіч

Паведаміць пра недакладнасьць