Даўгадзюбы крахаль (Mergus serrator L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, лакальна гнездавальны і пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў Эўропе.
Кароткае апісанне. Качка сярэдніх памераў. Даўжыня цела 56-62 см, маса 1-1,3 кг. На патыліцы двайны чуб з падоўжаных пёраў. Дзюба вузкая з зубцамі па краі і з кручком на канцы. Полавы дымарфізм у афарбоўцы добра выяўлены. У самца галава чорная з металічным адлівам, валляк буры з чорнымі стракацінамі, спіна цёмная, бакі шэрыя. Самка шэрая, з карычневай галавой і шыяй.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночная Амерыка. Вядомыя ў Беларусі асобныя гнездаванні на Нарачанскай групе азёр знаходзяцца побач з паўднёвай мяжой суцэльнага арэала віду. У час пралёту рэгулярна адзначаецца на буйных вадаёмах у розных частках краіны.
Месцы пражывання. Парослыя дрэвава-хмызняковай расліннасцю астравы і ўзбярэжжы буйных азёр з празрыстай вадой. Адзначаны таксама ў час харчавання на мелкаводных сажалках рыбагадавальніка.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Гнездаванне ў Беларусі дакладна вызначана ў 1979 г. [1]. У далейшыя гады таксама адзначаліся адзінкавыя знаходкі гнёздаў і сустрэчы вывадкаў [2]. У басейне воз. Нарач гняздуецца ад 8 да 13 пар. Адзінкавыя пары гняздуюцца, відаць, і на воз. Мядзел. У цэлым, групоўка птушак, якія гняздуюцца на паўночным захадзе краіны, стабільная, аднак вельмі ўразлівая ў выніку малой колькасці і вялікай рэкрэацыйнай нагрузкі на іх месцы пражывання.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Фактар неспакою і разбурэнне гнёздаў у выніку інтэнсіўнай рэкрэацыі. Разбурэнне гнёздаў крумкачовымі птушкамі (галоўным чынам шэрай варонай).
Асаблівасці біялогіі. Гняздо робіць ва ўтульных месцах - у нішах сярод камення, у густых зарасніках крапівы, пад кустамі вярбы або пад полагам лесу. Кладка з 8-11 яек памерамі 64 x 44,9 мм у першай палове чэрвеня. У выпадку гібелі першай кладкі бывае паўторная. Наседжванне 26-28 сутак. Корміцца, галоўным чынам, дробнай рыбай.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забаронена наведванне ў гнездавы перыяд аднаго з асноўных месцаў гнездавання - вострава на воз. Нарач.
Неабходныя меры аховы. Больш строгі кантроль за выкананнем ахоўнага рэжыму на воз. Нарач. Устанаўленне статуса «зон спакою» для месцаў гнездавання птушак. Стварэнне штучных гняздоўяў для птушак з мэтай памяншэння ўрону ад шэрых варон. Забарона здабычы птушак.

Літ.: 1. Никифоров, Гембицкий, 1983; 2. Парэйка, Грычык, Казулін (асаб. павед.).

М.Нікіфараў

Паведаміць пра недакладнасьць