Залацісты сявец (Pluvialis apricaria L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Сяўцовыя (Charadriidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, спарадычна гнездавальны рэліктавы від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзіны гнездавальны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікі кулік. Даўжыня цела 25-28 см, маса 155-205 г. Самец зверху залаціста-стракаты, знізу чорны з белай аблямоўкай. Спод крылаў белы. Самка больш бледная (ніз чорна-буры з асобнымі белымі пёрамі). Дзюба і ногі чорныя. У пазагнездавы перыяд самец і самка афарбаваны аднолькава: чорны колер на брушным баку змяняецца дымчатым.
Пашырэнне. Тундра, лесатундра і поўнач лясной зоны Эўразіі. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала, якая ўмоўна супадае з мяжой суцэльнага пашырэння вярховых балот. Гнездаванне ўпершыню даказана ў 1975 г. для тэрыторыі Казьянскага паляўнічага заказніка. У 1975-1987 гг. выяўлена 11 месцаў пражывання: балоты Обаль і Ямішча (Шумілінскі раён), Краснаборскі мох (Расонскі раён), Асвейскі мох (Верхнядзвінскі раён), Ельня (Міёрскі раён), Даўбенішкі і Грыблаўскі мох (Шаркоўшчынскі раён), Пастрэжскі мох (Бярэзінскі запаведнік), Гладанскі мох (Віцебскі раён), а таксама Карачэўскае балота на мяжы з Расеяй [1-9]. На пралётах (часцей увосень) трапляецца па ўсёй тэрыторыі краіны [1-3, 10].
Месцы пражывання. Буйныя вярховыя балоты з градава-багнавым і градава-азёрным расліннымі комплексамі. Аддае перавагу абводненым адкрытым або з рэдкімі соснамі ўчасткам [1, 2, 4, 7-9].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі гняздуецца каля 200 пар. На працягу 20 ст. колькасць рэзка скарацілася. У 1980-я гг. вызначылася некаторая яе стабілізацыя.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў існавання пад уплывам гаспадарчай дзейнасці і меліярацыі. Кліматычныя фактары ў перыяд гнездавання (зацяжныя дажджы, пахаладанні, замаразкі, снегапады). Фактар неспакою. Драпежнікі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой палове красавіка. Гняздуецца невялікімі калоніямі. Манагам. Кладка з 4 яек памерамі 50,9 x 35,9 мм у другой палове траўня. З 17 па 31 траўня 1976-1986 гг. знойдзена на балотах Обаль, Ельня, Гладанскі мох і Пастрэжскі мох 13 гнёздаў са свежымі і наседжанымі кладкамі [4, 7-9]. Наседжванне 27-28 сутак [11]. Птушаняты пакідаюць гнёзды ў другой і трэцяй дэкадах чэрвеня, пачынаюць лётаць у 3-4-тыднёвым узросце. У канцы чэрвеня - пачатку жніўня перасяляюцца на палі. Кормяцца насякомымі і іншымі беспазваночнымі. Асенні адлёт і пралёт у другой палове жніўня-верасні. Зімуе на Пірэнейскім паўвостраве, у Паўднёвай Эўропе, Малой Азіі і Афрыцы [12].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [13]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [14]. Гнездавыя біятопы ахоўваюцца ў Бярэзінскім запаведніку і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне на базе буйных вярховых балот ландшафтна-гідралагічных, а таксама пастаянных і сезонных арніталагічных заказнікаў. Заснаванне рэжыму абсалютнай запаведнасці для тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Ельня». Забарона наведвання месцаў пражывання людзьмі ў перыяд гнездавання з 1 красавіка па 1 жніўня. Вывучэнне экалогіі, рэгулярныя ўлікі колькасці і кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, Дорофеев, 1978; 2. По страницам Красной книги, 1987; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Козлов, Ивановский, 1980; 5. Дорофеев, Козлов, Кузьменко, 1982; 6. Кузьменко, Козлов, Дорофеев, 1985; 7. Казлоў, Кузьменка (асаб. павед.); 8. Іваноўскі (асаб. павед.); 9. Нікіфараў (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Makatsch, 1974; 12. Добрынина, 1985; 13. Чырвоная кніга БССР, 1981; 14. Положение, 1987.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць