Чорнаваллёвік (Calidris alpina L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пралётны і залётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Трохі меншы за шпака кулік. Даўжыня цела да 23 см, маса каля 50 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны чорна-бурае з шырокімі рыжымі верхавінамі пёраў. Горла і валлё ў дробных цёмных стракацінах, грудзі і пярэдняя частка брушка чорна-бурыя, астатняя частка ніза белая. Дзюба доўгая, тонкая, крыху загнутая ўніз; ногі чорныя.
Пашырэнне. Пераважна арктычная зона Эўразіі і Паўночнай Амерыкі. У Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на вясеннім і асеннім пралётах. Адзінкавыя асобіны і чародкі птушак даволі часта трапляюцца ў краіне і ўлетку [1-6]. Большасць мігрыруючых птушак адносіцца да падвіду C.a. alpina [7], які гняздуецца ў тундры. У летні перыяд праз Летуву пранікае, відаць, другі падвід C.a. schinzii, які гняздуецца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. У Беларусі гнездаванне адзначана на адным з астравоў воз. Снуды ў Браслаўскім раёне [8].
Месцы пражывання. Гняздуецца ў асноўным на мокрых лугах у поймах рэк і азёр, на мохавых балотах. У Беларусі ў летні перыяд трапляецца на пясчаных косах рэк, на астравах і сплавінах сярод азёр. Знойдзенае на воз. Снуды гняздо было размешчана на краі адкрытага нізкатраўнага ўчастка сухадольнага луга за пясчанай літараллю вострава.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. На ўзбярэжжы Балтыйскага мора колькасць скарачаецца з-за памяншэння прыдатных для гнездавання плошчаў, што, верагодна, і з'яўляецца прычынай рассялення віду на ўнутраныя вадаёмы і з'яўлення адзінкавых пар на гнездаванні ў Беларусі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне месцаў гнездавання ў выніку меліярацыі і стэнатопнасць віду, якая перашкаджае яго рассяленню на ўнутраныя вадаёмы.
Асаблівасці біялогіі. Вясенні пралёт у красавіку-траўні, асенні - у жніўні-верасні. Відаць, не ўсе маладыя птушкі на другі год жыцця дасягаюць полавай спеласці, аб чым сведчаць шматлікія сустрэчы чародак чорнаваллёвіка ў гнездавы час. Затрымка няполаваспелых птушак на шляхах міграцыі вядзе да магчымасці выпадковага гнездавання віду па-за межамі гнездавога арэала. Такія выпадкі гнездавання могуць прывесці да ўтварэння новых пастаянных месцаў пражывання, што і назіраецца на Браслаўскіх азёрах. Корміцца чорнаваллёвік лічынкамі водных насякомых, малюскамі, зрэдку расліннасцю.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне мікразаказніка на астравах воз. Снуды.

Літ.: 1. Вадковский, 1964; 2. Дорофеев, 1970; 3. Ямінскі (асаб. павед.); 4. Дорофеев, Козлов, Кузьменко, 1982; 5. Бірукоў (асаб. павед.); 6. Вязовіч (асаб. павед.); 7. Федюшин, Долбик, 1967; 8. Казлоў (асаб. павед.).

А.Казулін

Паведаміць пра недакладнасьць