Трохпальцы дзяцел (Picoides tridactylus L., 1758)
Атрад Дзятлападобныя (Piciformes), сямейства Дзятлавыя (Picidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі спарадычна гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 відаў роду, адзіны прадстаўнік роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікі дзяцел (даўжыня цела 21-24 см, маса 51-69 г). Агульная афарбоўка чорна-белая. Спіна белая з чорнымі стракацінамі. Цемя ў самцоў залаціста-жоўтае, у самак - брудна-белае. Ад вачэй назад ідзе вузкая белая палоса, ад дзюбы - чорныя вусы. Шчокі цёмныя. Крылы буравата-чорныя з белымі стракацінамі. Брушны бок белы, зрэдку з вузкім папярочным малюнкам. На нагах 3 пальцы.
Пашырэнне. Хвойныя лясы паўночнага паўшар'я. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала [1-4]. Гняздуецца пераважна ў паўночнай частцы краіны. За апошнія 50 гадоў адзначаны на гнездаванні ў Гарадоцкім, Шумілінскім, Полацкім, Расонскім, Верхнядзвінскім, Мядзельскім раёнах, у Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Белавежскай пушчы, а таксама ў Івацэвіцкім, Баранавіцкім і Хойніцкім раёнах [2-12]. У паслягнездавы перыяд часцей трапляецца ў Паазер'і, а таксама ў цэнтральных раёнах у сувязі з вандроўкамі мясцовых і больш паўночных асобін.
Месцы пражывання. Спелыя і прыспяваючыя мшыстыя саснякі, субары і ельнікі, а таксама ялова-лісцевыя і чорнаальховыя лясы, нярэдка забалочаныя, паблізу высечак, гараў, поймаў рэк і азёр. У паслягнездавы перыяд часта трымаецца ў забалочаных бярэзніках і вольсах, мертвапокрыўных ельніках і сасняках [5-9, 11-14].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядома. У 1966-1967 гг. у Гарадоцкім раёне ў гнездавы час трапляўся даволі часта, але стаў рэдкім [4, 11, 12] пасля неабмежаваных высечак у 1970 г. У 1980-1982 гг. у паўночна-ўсходніх раёнах (Гарадоцкі, Шумілінскі, Полацкі, Расонскі) было не больш за 60 пар [4, 11, 12]. У 1985-1986 гг. у мшыстых ялова-сасновых насаджэннях Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў улічана 1-1,5 пары на 10 км маршрута [13]. Зімой 1986-1988 гг. у поймавых ялова-альховых лясах Бярэзінскага запаведніка адзначана 6-6,8 асобін на 1 кв. км, у чорнаальховых - 3,7; у сфагнавых і мшыстых сасняках адпаведна 1,5 і 1,2 асобіны на 1 кв. км [15].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў спелых і прыспяваючых хвойных насаджэнняў, санітарныя высечкі. Вядомы выпадкі разбурэння гнёздаў вавёркай і вялікім стракатым дзятлам, гібель птушак ад ястраба-цецяроўніка.
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Такаванне і шлюбныя гульні ў канцы сакавіка - пачатку красавіка. Будаўніцтва гнёздаў з сярэдзіны красавіка [5, 13]. Дуплы ў жывых соснах, вольхах і ў сухастойных асінах, бярозах, вольхах або ў пнях [5, 7, 11]. У кладцы 3-5 (да 7) яек памерамі 24,8 x 18,8 мм. Наседжваюць абедзве птушкі 14 сутак. Птушаняты вылупляюцца ў канцы траўня - першай дэкадзе чэрвеня, пакідаюць дупло ў другой палове чэрвеня - пачатку ліпеня. У Бярэзінскім запаведніку дупло з птушанятамі ва ўзросце каля 15 сутак знойдзена 10 чэрвеня 1986 г., а свежая кладка (4 яйкі) 19 траўня [5]. У Мядзельскім раёне свежая кладка (7 яек) знойдзена 20 траўня 1980 г. [6], у Гарадоцкім - дупло з птушанятамі ва ўзросце каля 2 тыдняў 26 чэрвеня 1986 г. [13]. Там жа вывадкі адзначаны 28 чэрвеня 1966 г. і 6 ліпеня 1967 г., а ў Верхнядзвінскім раёне - пасля 24 чэрвеня 1982 г. [7, 11]. 8-9 чэрвеня 1990 г. ў Арлейскім лясніцтве Полацкага лясгаса ў месцы пераходу мшыстых бароў у балота знойдзены 2 жылыя гнязды з 5 і 2 птушанятамі ва ўзросце 13-15 сутак. Абодва дуплы размяшчаліся ў старых чорнаальховых пнях [16]. Корміцца пераважна насякомымі, якія жывуць пад карой дрэў (караеды, забалоннікі, вусачы), а ў цёплы перыяд года і іншымі насякомымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [17]. Месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Ахова характэрных месцаў пражывання - рэгламентацыя санітарных высечак, старых ельнікаў, захаванне сухастойных дрэў. Стварэнне комплексных заказнікаў для аховы таежных відаў. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці і кантроль за станам асобных папуляцый. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Долбик, Дорофеев, 1978; 4. По страницам Красной книги, 1987; 5. Бышнёў, Цішачкін, Ямінскі (асаб. павед.); 6. Грычык (асаб. павед.); 7. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 8. Дацкевич, 1971; 9. Дзямянчык (асаб. павед.); 10. Яновіч (асаб. павед.); 11. Дорофеев, 1970; 12. Дорофеев, Сюборова, 1987; 13. Дарафееў (асаб. павед.); 14. Пузанкевіч, Зуёнак (асаб. павед.); 15. Бышнев, Тишечкин, 1990; 16. Дарафееў (асаб. павед.); 17. Положение, 1987.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць