Звычайны рэмез (Remiz pendulinus L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Сініцавыя (Paridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Крыху меншы за вялікую сініцу. Даўжыня цела 10-11 см, маса 8-11 г. Верх галавы белы з рознымі адценнямі ржавага колеру, бакі галавы чорныя. Пярэдняя частка спіны каштанавая, задняя - вохрыстая, брушка белаватае.
Пашырэнне. Эўразія. Пашыраны ад Эстоніі і Малдовы на захадзе да Прыамур'я на ўсходзе. Тэрыторыя Беларусі ўваходзіць у гняздовы арэал віду. На воз. Дабееўскае ў Шумілінскім раёне ў 1982 г. знойдзены гнёзды і адзначана пражыванне птушкі яшчэ на 4-7 гнездавых участках [1]. У розны час рэмеза знаходзілі ў іншых раёнах краіны, пераважна на Палессі, асабліва ў пойме Прыпяці і яе прытокаў [2]. У 1983 г. гнёзды знаходзілі на р. Одла ў Бераставіцкім раёне [3], у 1975-1987 гг. амаль кожны год у пойме р. Заходні Буг, у нізоўях яго прытокаў рэк Лясной і Мухавец [4, 5], у 1981-1987 гг. у пойме Прыпяці ў Столінскім раёне [6], у 1975 і 1977 гг. адпаведна ў рыбгасе «Волма» і на Заслаўскім вадасховішчы ў Менскім раёне [7]. У апошнія гады месцы гнездавання рэмеза з дастаткова высокай колькасцю вядомы на сажалках рыбгасаў «Чырвоная Слабада» (Салігорскі раён), «Лактышы» (Клецкі раён), «Сялец» (Бярозаўскі раён).
Месцы пражывання. Густыя вербнякі па берагах рэк і старыц, поймавыя забалочаныя лугі з асобнымі дрэвамі каля вады.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Спецыяльна не вызначалася, але значна вышэйшая ў паўднёвых раёнах краіны. У Бярэзінскім запаведніку ў 1975 г. на 40 км рэчышча р. Бярэзіны адзначана 2 пары птушак [8], а на 3 км поймы р. Лясной у розныя гады рэгістравалася ад 10 да 17 [4], на 1 км дамбаў, парослых вербняком, адзначалася 4 гнездавальныя пары.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная мелірацыя балот, асваенне поймаў рэк, забалочаных берагоў азёр. Від высокапластычны да антрапагенных фактараў. У 1981-1982 гг. у Бераставіцкім раёне 30% гнёздаў выяўлены на асвоеных чалавекам участках (у 60% выпадкаў птушкі гнездаваліся па 2-4 гады запар на адных і тых жа дрэвах, нягледзячы на фактар неспакою [4]. Вядомы выпадкі разбурэння гнёздаў людзьмі, якія лічылі іх лекавымі пры захворваннях горла [2].
Асаблівасці біялогіі. Прылёт у другой палове красавіка. Гнёзды размяшчаюцца не бліжэй за 200 м адно ад другога на бакавых галінках вярбы, звіслых над вадой, радзей на дубах, бярозах, вольхах на вышыні 2-4 м ад паверхні вады. Яны па-майстэрску звіты з лубу вербаў і пуху іх суквеццяў, збоку нагадваюць невялікую рукавіцу з незакончаным вялікім пальцам, маюць адну, вельмі рэдка дзве адтуліны - ляткі. Побач з асноўным гняздом будуецца дадатковае, у якім птушкі адпачываюць, начуюць. Як правіла, дадатковае гняздо няскончанае, нагадвае прыгожую «калыску». У кладцы 5-7 белых яек велічынёй 16,6 x 10,6 мм. Яйкі ў гняздзе перакладзены раслінным пухам і таму не разбіваюцца пры моцным хістанні галін ад ветру. Збудаванне гнёздаў і кладка заканчваюцца ў траўні [2], вылет птушанят у першай дэкадзе чэрвеня [8, 9].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Рэмез занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. З 1987 г. прадугледжаны штраф за незаконную здабычу птушак [9].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў гнездавання, арганізацыя комплексных заалагічных заказнікаў у месцах пражывання рэмеза і іншых рэдкіх птушак, прапаганда аховы птушак.

Літ.: 1. Бірукоў (асаб. павед.); 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Гулеўскі (асаб. павед.); 4. Шокало, Гайдук, Шокало, 1985; 5. Федзюкоў (асаб. павед.); 6. Вакуліч, Казулін (асаб. павед.); 7. Нікіфараў (асаб. павед.); 8. Чырвоная кніга БССР, 1981; 9. Положение, 1987.

М.Долбік, А.Казулін

Паведаміць пра недакладнасьць