Аляпка (Cinclus cinclus L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Аляпкавыя (Cinclidae)

Статус. IV катэгорыя. Надзвычай рэдкі аселы від, біялогія якога вывучана крайне недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік сямейства, якое ўключае 5 стэнабіёнтных відаў.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 19-20 см, маса 50-70 г. Галава і шыя зверху бурыя, спіна і хвост буравата-шэрыя, горла, валляк і грудзі белыя. Хвост кароткі, крылы акруглыя, апярэнне шчыльнае.
Пашырэнне. Эўразія, Паўднёва-Заходняя Афрыка. Тэрыторыя Беларусі ў межах арэала віду. Упершыню ў Беларусі выяўлена ў 1968 г. на р. Лясная ў Белавежскай пушчы (Камянецкі раён), дзе жыла пастаянна да сакавіка 1970 г. [1]. Зімой, вясной і летам 1976 г. адзначалася ў Барысаўскім раёне на хуткай рэчцы каля воз. Даманавіцкае, дзе і была здабыта. Адзіны экземпляр птушкі захоўваецца ў музеі Бярэзінскага запаведніка [2]. У іншых раёнах краіны вясеннія або летнія сустрэчы невядомы, а зімовыя адзначаны ў 1970, 1973, 1976 і ў 1981 гг. на рэках Обаль, Ушача, Сар'янка, Нішча, Каменка, Аўсянка, у 1984-1987 гг. амаль кожны год каля плаціны Ключагорскай ГЭС і каля в. Шавялі на р. Обаль у Гарадоцкім раёне [3], у 1983 г. каля маста цераз р. Палату ў Полацку [4].
Месцы пражывання. Вярхоўі чыстых рэк з хуткім цячэннем і з перакатамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайне нізкая. У 1976 г. на 3 км рэчышча Бярэзіны (басейн Дняпра) адзначана 4 птушкі [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне рэк прамысловымі сцёкамі.
Асаблівасці біялогіі. У Беларусі не вывучаны. У іншых раёнах разарванага арэала гняздуецца на рэках з чыстай вадой і скалістымі берагамі. Можа прыносіць да 2 вывадкаў за год па 4-7 птушанят. Корміцца насякомымі, малюскамі, якіх збірае на беразе або пад вадой на глыбіні да 1,5 м, куды нырае і можа прабегчы па дне да 20 м.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Здабыча аляпкі забаронена [6].
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі і экалогіі аляпкі, выяўленне новых месцаў пражывання і іх ахова, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дацкевич, 1971; 2. Долбик, Дорофеев, 1978; 3. Дарафееў (асаб. павед.); 4. Самусенка (асаб. павед.); 5. Чырвоная кніга БССР, 1981; 6. Положение, 1987.

М.Долбік, Э.Самусенка

Паведаміць пра недакладнасьць