Балотная чарапаха (Emys orbicularis L., 1758)
Атрад Чарапахі (Testudines), сямейства Прэснаводныя чарапахі (Emydidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць скарачаецца. У Беларусі знаходзіцца на паўночным краю арэала.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік чарапах з больш за 200 відаў у сусветнай фауне.
Кароткае апісанне. Панцыр авальны, даўжынёй 16-18 см (зрэдку больш) [1], зверху рэльефны або гладкі, афарбоўка цёмна-аліўкавая, бура-карычневая і цёмна-шэрая, часцей чорная [1]. На цёмным фоне панцыра, а таксама на скуры галавы, шыі, хваста і канечнасцей густа рассыпаны дробныя светлыя (жоўтыя) плямкі або рысачкі. Даўжыня хваста прыкладна роўна палове даўжыні панцыра. Паміж пальцамі ног - плавальная перапонка.
Пашырэнне. Насяляе Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу (да Летувы, поўначы Беларусі, Смаленскай вобласці, вярхоўя Дона, сярэдняй Волгі і левабярэжжа р. Урал), Пярэднюю Азію і паўночна-заходнюю частку Афрыкі. Трапляецца ў Прыураллі, Крыме, на Каўказе. У Беларусі пераважна ў паўднёвай частцы краіны [2-5]. Як мяркуюць, паўночная мяжа арэала на тэрыторыі краіны праходзіць прыкладна па лініі Горадня - Стоўбцы - Чэрыкаў [4]. Знаходкі на поўначы тлумачацца, магчыма, выпускам на волю чарапах, завезеных з паўднёвых раёнаў [5].
Месцы пражывання. Прыродныя і штучныя вадаёмы са спакойнай вадой: балоты, старыцы і завадзі рэк, азёры, сажалкі, меліярацыйныя каналы, рыбаводныя ставы [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Улік чарапах цяжкі з-за скрытнага спосабу жыцця. Звычайна рэдкая. Яўная тэндэнцыя да скарачэння колькасці назіраецца пры асушальнай меліярацыі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Татальная (не пакідаючая прыродных вадаёмаў) асушальная меліярацыя зямель, спрошчванне рэчышчаў, браканьерства, гібель кладак [5].
Асаблівасці біялогіі. Спосаб жыцця водна-наземны. Корміцца ў асноўным днём у вадзе насякомымі і іх лічынкамі, ракападобнымі, малюскамі, галавасцікамі, дробнымі жабкамі, трытонамі, снулай рыбай, расліннасцю; на сушы - зрэдку кіўсякамі, макрыцамі, жукамі і інш. Для дыхання ў вадзе служаць багатыя крывяноснымі капілярамі вырасты глоткі і анальныя пузыры [3]. Полавая спеласць наступае ва ўзросце 6-8 гадоў пры даўжыні панцыра 9-12 см. У траўні-чэрвені самка робіць 1-2 кладкі па 5-10 яек белага колеру велічынёй 28-33 x 18-20 мм, масай 7-8 г. Яйкі адкладваюцца на беразе (на ўзвышэнні, якое не затапляецца) вадаёма ў ямку глыбінёй каля 10 см, якую самка рые заднімі нагамі і старанна засыпае пасля адкладкі яек. Інкубацыйны перыяд працягваецца 2-3 месяцы ў залежнасці ад надвор'я. Маладыя чарапашкі (даўжыня 22-25 мм) пасля выхаду з яек застаюцца ў ямцы да вясны. Жывуць за кошт пажыўных рэчываў жаўтковага мяшка [3]
Развядзенне. Утрымліваюцца ў тэрарыумах.
Прынятыя меры аховы. Агульны ахоўны рэжым на запаведных тэрыторыях. Спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Максімальна магчымае захаванне прыродных вадаёмаў пры меліярацыйных работах і месцаў масавага адкладвання яек. Стварэнне мясцовых заказнікаў на вадаёмах, дзе колькасць чарапахі найбольш высокая. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дробенков, 1990; 2. Сапоженков, 1961; 3. Савіцкі, 1975; 4. Определитель земноводных и пресмыкающихся фауны СССР, 1977; 5. Пикулик, Бахарев, Косов, 1988.

М.Пікулік

Паведаміць пра недакладнасьць