Сцерлядзь (Acipenser ruthenus L., 1758)
Атрад Асетрападобныя (Acipenseriformes), сямейства Асятровыя (Acipenseridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны з каштоўных прамысловых асятровых прэснаводных від, які пастаянна жыве ў рэках. Належыць да відаў, якія маюць вельмі доўгую гісторыю развіцця і захаваліся з далёкай старажытнасці.
Кароткае апісанне. Цела выцягнутае, верацёнападобнае, укрытае дробнымі касцявымі пласцінкамі. Уздоўж тулава цягнуцца пяць радоў жучак - буйных касцявых пласцінак. Рыла падоўжанае, канічнае, знізу наперадзе рота чатыры махрыстыя вусікі. Грудныя плаўнікі доўгія, магутныя, спінны і анальны - невялікія, далёка адсунутыя назад. Хваставы плаўнік асіметрычны (гетэрацэркальны), канец пазваночніка загібаецца ў яго доўгую верхнюю лопасць. Афарбоўка ад цёмнай да светлай, залежыць ад умоў пражывання. Спіна цёмна-бурая, бруха белаватае або жаўтаватае, плаўнікі шэрыя.
Пашырэнне. Рэкі басейнаў Чорнага і Каспійскага мораў, галоўным чынам Волга [1]. У Беларусі трапляецца ў Дняпры, радзей у Прыпяці, Сажы, Бярэзіне [2, 3]. У Латвіі ўсялялася ў Заходнюю Дзвіну, але да межаў Беларусі не падымаецца [6].
Месцы пражывання. Добра праточныя віры і ямы з галечным і камяністым грунтам. Зімуе на ямах, дзе збіраецца ў значнай колькасці, вясной падымаецца ўверх па цячэнню да нерасцілішчаў. На працягу лета паступова скочваецца да месцаў зімоўкі, надоўга затрымліваецца на высакакормных участках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У канцы 40-х гг. 20 ст. ўловы сцерлядзі адзначаліся часцей, часам нават траплялі ў рыбагаспадарчую статыстыку. Цяпер адзінкавыя экземпляры ловяцца ў Дняпры, прамысловага значэння не мае, у іншых рэках увогуле выключна рэдкая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Паскоранае абмяленне рэк і іх забруджванне; парушэнне ўмоў натуральнага ўзнаўлення папуляцыі; бескантрольнае знішчэнне пры аблове рэк, рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі.
Асаблівасці біялогіі. Звычайная прамысловая даўжыня сцерлядзі 40-60 см, маса 0,5-2 кг. Як выключэнне можа дасягаць адпаведна 120 см і 16 кг. Полавая спеласць ва ўзросце 7-8 гадоў [2]. Нераст у красавіку-траўні на глыбокіх участках рэк з хуткай плынню і пясчаным або камяністым грунтам. Ікру адкладвае звычайна пры самым высокім стаянні паводкавых вод. Ікрынкам уласціва высокая клейкасць, яны добра прымацоўваюцца да субстрату, што ніякае цячэнне не можа іх змыць і ў той жа час хуткая вада забяспечвае добрую аэрацыю зародкаў на стадыі іх развіцця. Маладыя самкі адкладваюць ікру праз год, больш сталыя - радзей. Плоднасць невысокая - 11-140 тыс. ікрынак [2, 4]. Корміцца сцерлядзь дробнымі доннымі беспазваночнымі: лічынкамі хіранамід, мошак, аўсянікаў.
Развядзенне. Распрацавана эфектыўная біятэхналогія вырошчвання гібрыда бялугі і сцерлядзі (бясцера), які добра прыстасаваны да ўмоў пражывання ў сажалках і азёрах [5].
Прынятыя меры аховы. Правіламі рыбалоўства на вадаёмах Беларусі з 1952 да 1959 года вылоўліванне сцерлядзі было забаронена. Пазней з правіл гэта абмежаванне было выключана, а іншых мер па абмежаванню здабычы сцерлядзі прадугледжана не было [7]. Уключана ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона вылоўлівання; распрацоўка мер па ахове і паляпшэнню месцаў пражывання і нерасцілішчаў; узмацненне дзяржаўнага і грамадскага кантролю за лоўляй сцерлядзі і штрафных санкцый за незаконную здабычу; штучнае развядзенне сцерлядзі і зарыбленне ёю розных вадаёмаў для захавання генафонду, а таксама для гібрыдызацыі з іншымі відамі асятровых і прамысловай гадоўлі ў прэснаводных вадаёмах.

Літ.: 1.Берг, 1948; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1968; 4. Жуков, 1983; 5. Рыбоводство СССР, 1974; 6. Щетинина, 1960; 7. Положение, 1962.

П.Жукаў, Т.Шаўцова

Паведаміць пра недакладнасьць