Бражнік мёртвая галава (Manduca atropos L., 1758)
Атрад Лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства Бражнікі (Sphingidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, малавывучаны ў Беларусі, залётны від афрыканскага паходжання. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны на тэрыторыі Беларусі прадстаўнік невялікага трапічнага роду.
Кароткае апісанне. Вялікі матыль з масіўным брушкам. Размах крылаў больш за 10 см. Пярэднія крылы цёмна-бурыя з 2 папярочнымі шырокімі зубчастымі рыжавата-чорнымі палосамі з складаным малюнкам і жоўтым апыленнем. Заднія крылы вохрыста-жоўтыя з 2 папярочнымі цёмнымі палосамі. На цёмным грудным аддзеле цела матыля светлы малюнак у выглядзе чэрапа з перакрыжаванымі пад ім касцямі. Брушка тоўстае з чорнымі і жоўтымі папярочнымі палоскамі і з блакітнавата-сіняй падоўжнай палосай.
Пашырэнне. Арэал ахоплівае Афрыку, Азорскія астравы, Мадагаскар, Эўропу (за выключэннем паўночнай часткі), Блізкі Ўсход, Сярэднюю Азію (Туркменія) [1, 2]. У Беларусі рэдкі залётны від, вядома некалькі знаходак у Менскай, Берасцейскай, Віцебскай і Гарадзенскай абласцях [3-5].
Месцы пражывання. Нізкія даліны, палі і плантацыі, перадгор'і (на сельскагаспадарчых раслінах і пустазеллі). У Беларусі некалькі асобін матылёў знойдзена ў двары аптэчнага складу, пад гарадскімі ліхтарамі, на прысядзібных участках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляюцца асобныя экземпляры. У апошняе дзесяцігоддзе стаў вялікай рэдкасцю ў выніку антрапагенных нагрузак на прыроду.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Хімічныя апрацоўкі бульбяных палеткаў, у выніку якіх гінуць вусені і кукалкі. Неспрыяльныя ўмовы надвор'я.
Асаблівасці біялогіі. На поўдні дае 2 пакаленні за год. Можа мігрыраваць на вялікую адлегласць (вядомы знаходкі пад Санкт-Пецярбургам, Петразаводскам і на Кольскім паўвостраве). Вусені вельмі вялікія, ярка-жоўтыя з сінімі, чорнымі і зялёнымі косымі палоскамі на сегментах. Кормяцца на травяністых раслінах сямейства паслёнавых, у тым ліку на бульбе. Ёсць звесткі аб развіцці вусеняў на дрэвава-кустовых раслінах - язміне, брызгліне і інш. Зімуе кукалка ў глебе. Матыль, вусень і кукалка могуць выдаваць гукі. У Беларусі біялогія не вывучана.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Высвятленне біялогіі і пашырэння ў краіне. Забарона адлову матылёў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ламперт, 1913; 3. Мержеевская, Литвинова, Молчанова, 1976; 4. Казлоўскі (асаб. павед.); 5. Радкевіч (асаб. павед.).

А.Літвінава

Паведаміць пра недакладнасьць