Мізіда рэліктавая (Mysis relicta Loven, 1863)
Атрад Мізіды (Mysidacea), сямейства Мізідавыя (Mysidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі. Ледавікова-марскі рэлікт чацвярцічнага перыяду. Корм для рыб.
Кароткае апісанне. Звонку нагадвае маленькіх крэветак. Цела выцягнутае, даўжынёй 8-16 мм, вочы на сцяблінках, галава і грудзі пакрыты цыліндрычным хіцінавым карапаксам, брушка тонкае, канчаецца хваставым веерам, які складаецца з пласцінак тэльсона з плоскімі двухгалінастымі ўраподамі па краях.
Пашырэнне. Поўнач Эўразіі, Паўночная Амерыка. У Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала віду. Знойдзена ў азёрах Паўночны і Паўднёвы Валасо, Дрысвяты [1].
Месцы пражывання. Чыстыя аліга- і мезатрофныя азёры ледавіковага паходжання з высокім утрыманнем кіслароду ў вадзе [2]. Аддае перавагу слаям вады з тэмпературай не больш за 14°С.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У час прыдоннай тралавай лоўлі за некалькі хвілін трапляецца ад адзінак да соцень экземпляраў [3]. Колькасць зніжаецца пад уздзеяннем антрапагеннага эўтрафіравання і забруджвання вадаёмаў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду ў прыдонных слаях вады ніжэй 2 мг/л, цеплавое забруджванне вадаёма [4].
Асаблівасці біялогіі. Вядуць калядонны спосаб жыцця. Ажыццяўляюць сутачныя вертыкальныя міграцыі ў тоўшчы вады. Працягласць жыццёвага цыклу ў дробных асобін 1 год, у буйных - 2 гады. Размнажэнне пачынаецца позняй восенню. Пладавітасць ад 9 да 40 яек. Развіццё яек і эмбрыёнаў да малявак адбываецца зімой у вывадковай сумцы. Масавае паяўленне малявак вясной. Кормяцца ўзважанымі часцінкамі ў тоўшчы вады, дэтрытам з паверхні дна, а таксама больш дробнымі іншымі ракападобнымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі заказніка «Міжазёрны». Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5].
Неабходныя меры аховы. Забарона прымянення хімічных сродкаў і кантроль за выкарыстаннем мінеральных угнаенняў на вадазборах з рэліктавай фаунай. Арганізацыя азёрных заказнікаў.

Літ.: 1. Вежновец, Семенченко, 1977; 2. Сущеня, Семенченко, Вежновец, 1986; 3. Байчораў, 1978; 4. Хмелёва и др., 1979; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Вежнавец

Паведаміць пра недакладнасьць