Эмінэску Міхай (Eminescu Mihai; Эміновіч; 1850-1889), нарадзіўся 15.01.1850 года ў Іпатэштах (Малдова) ў сям'і дробнага памешчыка. Вучыўся ў Чарнавіцкай нямецкай гімназіі (да 1865 г.), Венскім і Берлінскім універсітэтах (1869-1874). Першыя вершы Эмінэску былі апублікаваныя ў 1866 годзе. У 1871 годзе з'яўляецца яго паэма «Панарама марнай мітусні», пасля гэтага - празаічныя творы «Бедны Дыяніс» (1872), «Чэзара» (1876), паэмы-казкі «Кэлін» (1876), «Гісторыя лесу» (1878), паэма «Пісьмы I-V» (1881-882), шэраг лірычных вершаў.

З 1874 па 1877 г. М.Эмінэску працуе ў Ясах настаўнікам гімназіі, бібліятэкарам, школьным інспектарам, потым пераязджае ў Бухарэст, дзе рэдагуе газету «Тымпул» («Час»).

У 80-я гады ён стварае новыя паэтычныя творы - вершы, кароткія паэмы. Галоўным яго творам справядліва лічыцца лірычная паэма «Лучафэрул» (1883).

Памёр Міхай Эмінэску 15.06.1889 года ў Бухарэсце, пакінуўшы пасля сябе нямала няскончаных твораў. Шмат якія вершы, а таксама аповесць «Бясплённы геній» былі апублікаваныя пасля яго смерці.

На беларускую мову асобныя творы М.Эмінэску пераклалі Р.Барадулін, К.Камейша, Т.Бондар, С.Шушкевіч, М.Федзюковіч.

Крыніца: Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995.

Паведаміць пра недакладнасьць